Свабоднае дыханне паэзіі
Міхась Пазнякоў
Пазнякоў Міхась Паўлавіч нарадзіўся ў 1951 годзе ў в. Заброддзе Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Закончыў у 1977 г. філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (завочнае аддзяленне). Працаваў настаўнікам у школах Бярэзінскага раёна і г. Мінска, навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі, дырэктарам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, галоўным рэдактарам выдавецтва “Юнацтва”, часопіса “Вожык”, часопіса “Нёман”, намеснікам дырэктара РВУ “Літаратура і Мастацтва”. Цяпер – старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Прэзідыума Праўлення Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы. Паэт, празаік, перакладчык, крытык, мовазнаўца, публіцыст. Аўтар больш як 50 кніг паэзіі і прозы для дарослых і для дзяцей. Пераклаў на беларускую мову раманы М. Сервантэса “Дон Кіхот”, В. Скота “Квенцін Дорвард”, С. Лагерлёф “Пярсцёнак Лёваншольдаў”, вершы, апавяданні і казкі многіх класікаў замежнай літаратуры. Пераклаў на рускую мову раманы, аповесці і апавяданні многіх вядомых беларускіх пісьменнікаў. Аўтар “Слоўніка эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы”ў 2-х тамах, іншых навуковых прац у галіне мовазнаўства. Хрэстаматыйны дзіцячы пісьменнік, яго творы для дзяцей ўключаны ў дзетсадаўскую праграму, а таксама – пачатковых класаў. Дарослая паэзія М. Пазнякова рэкамендавана да вывучэння ў 11 класе. Многія вершы пакладзены на музыку. Асобныя творы перакладзены на 18 моў свету. Актыўна друкуецца ў перыядычных выданнях Расіі, краін СНД. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя П. Броўкі, Літаратурнай прэміі імя Я. Маўра, Літаратурнай прэміі імя В. Віткі, трох Рэспубліканскіх літаратурных прэмій “Лепшая кніга года” (за 2006, 2007, 2008 гг.). Лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і двойчы − Прэміі Міністра абароны Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры. Лаўрэат Міжнароднай літаратурнай прэміі ў галіне паэзіі. Выдатнік друку Беларусі. Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі. За адметны ўклад у развіццё беларускай літаратуры ўзнагароджаны Прэзідэнтам РБ медалём Ф. Скарыны. Мае іншыя ўзнагароды. На творчым рахунку звыш 3 000 публікацый больш як у 300 выданнях і зборніках. Член Беларускага Саюза журналістаў, актыўны грамадскі дзеяч. Жыве ў Мінску.

* * *
Нарадзіўся я ў сонечнай хаце,
Хлебам, песняй спавітай, святой,
Абагрэтай рупліваю працай
У вялікай сям’і дабратой.

І дубы мне, і клёны шапталі
Казкі-мроі радзімай зямлі.
З першых год мяне з ложка ўздымалі
Промні сонца і ў поле вялі.

Тут старанна спасціг на прыволлі
Сэнс жыцця, дух ягоны і соль.
Тут у сэрца ўбіраў я паволі
Спаконвечныя мары і боль…

Хоць і свет прада мною шырокі,
Хоць цяпер тут я госць у радні –
Чую ўсёю душою вытокі,
Чую продкаў сваіх карані.

Тут як сёстры – бярозы і ліпы,
Па душы брэх сабачы мне тут,
І самота калёснага рыпу,
І руплівы, спагадлівы люд.

Тут, дзе песні спяваю я хлебу,
Дзе бацькоўскі прыняў запавет,
Пакланюся высокаму Небу
І сцяжыне, што вывела ў свет.
ДОБРЫ ДЗЕНЬ, РАДЗІМА!

Выйду ранкам з хаты
І пакрочу ў гай,
Дзе з-за ціхіх шатаў
Ззяе небакрай.

Расхіну ў лагчыне
Туманоў кудзель
І адчую сініх
Незабудак хмель.

Чуйны, летуценны,
Між бяроз густых
Новы дзень сустрэну —
Звонкі, залаты.

З сонцам за плячыма
Павярну назад.
Добры дзень, радзіма!
Як табе я рад!

Зрошаны па грудзі,
Звонкі ўвесь ад рос
Клікну светла: людзі,
Сонца вам прынёс!
* * *
У Заброддзі пеняцца прысады,
I над Грэзай кружаць журавы.
Я ляцець туды ўсё болей рады —
У радзімы край свой баравы.

Там маёй душы лунаць дзівосна,
Нібы па-над полем жаўруку,
На імклівых ручаінах вёснаў,
Што праз сэрца плёскатна цякуць.

Мне іх водар піць і не напіцца...
І куды б дарогі ні вялі,
Родны кут прывабна будзе сніцца
Ветразямі казачнай зямлі.

Будуць песні цнотнае прыроды
Да слязы шчаслівае кранаць
Хараством, якога мне заўсёды
У расстанні будзе не ставаць.

I перад якім віны не збуду,
I куды з параненай душой
Уцяку ад чэрствасці і бруду
Захапляцца срэбнаю расой,

Хатай, што маленства зноў абудзіць,
Бэзам, здольным сэрца ажывіць,
Полем, што гарачы боль астудзіць,
Сцежкай, што за далягляд бяжыць,

Вёсачкай, якой я больш не здраджу,
Што ўрасла так глыбака ў мяне...
Там праз сто гадоў у белым садзе
Зноў я нараджуся па вясне.
МАТЧЫНА ХАТА
Якою ж была ты багатай,
Утульная матчына хата!
Жывою, прасторнай, прасветлай,
Прыгожай, гасціннай і ветлай!

Наздейнай была, прыцягальнай,
Вясёлаю, шчырай, сакральнай.
З дарог нас цярпліва чакала,
Любоўю штораз сагравала.

Без мамы затым анямела,
За ёю ў Сусвет адляцела.
Падмурак адзіны пад слотай
Мяне працінае журботай.

Я ў неба гляджу вінавата,
Мне бачыцца матчына хата.
Там хлеб выпякае матуля,
Абед для анёлаў гатуе…
МАТУЛЯ
(Трыпціх)

1
Самыя добрыя вочы – матчыны.
Самыя дбайныя рукі – матчыны.
Самае чуйнае сэрца – матчына.
Самая шчырая песня – матчына.
Самая светлая радасць – матчына.

Самая ціхая крыўда – матчына.
Самая цяжкая стома – матчына.
Самая вострая скруха – матчына.
Самыя горкія слёзы – матчыны.
Самы пакутлівы час – без яе…

2
Самы салодкі сон,
Самы святочны настрой,
Самы святлісты ўспамін,
Самы празрысты сум –
Дома, у мамы.
Самы трывожны сон,
Самы тужлівы настрой,
Самы балючы ўспамін,
Самы гнятлівы сум –
Дома, без мамы…

3
Цалуйце рукі любыя матуль,
Прапахлыя работаю і сонцам.
З душой, прачуленай да донца,
Цалуйце рукі любыя матуль.

Не забывайце,
што для іх бясконца
Цяжэе вечных клопатаў хатуль.
Цалуйце рукі любыя матуль,
Прапахлыя работаю і сонцам.
НЕЗАБЫЎНАЙ МАТУЛІ Незабыўная,
Мілая маці, матуля,
Маё сонца,
І песня мая, і вясна,
Да цябе ў дзіўных мроях
Заўсёды ляту я,
Ты на свеце
Святая-святая адна.

Праз дажджы,
І мароз, і завею, і спёку
Па жыцці
Ты і сёння вядзеш, як вяла.
І ў растанні бясконцым
Штодзённа здалёку
Ахінаеш мяне
Жыццядайнаю сілай цяпла.

Я іду і нясу
Гэту сілу жывую
Па дарогах зямных
У няласкавы свет.
Прад табою навек
У дзівосным даўгу я, −
Аддаю яго людзям
Як твой залаты запавет.

О, мая цудадзейная
Маці, матуля,
Найудзячны паклон,
Дарагая, прымі,
Што святлістым, узнёслым,
І чуйным жыву я,
Трапяткім, як раней, −
Прад Радзімай, табой і людзьмі.
БЕЛАРУСІ
Узіраюся ў сонечны дзень
Працавітай маёй Беларусі
І штораз, як нічым і нідзе,
Светлым імем яе ганаруся.

Бачу мудрасць далёкіх вякоў,
Чую славу нязгасную ў свеце.
Беларусь! Беларусь!
Сэрца ўспыхвае зноў, —
Хай табе сонца велічы свеціць.

Кожны рух твой і нават уздых —
У турбоце, ды толькі не ў скрусе.
І штодня на дарогах тваіх
Як твой сын за цябе я малюся.

Ты — матуля мая, Беларусь.
Мая хата ніколі не з краю,
Узрастае клапот тваіх груз,
Я таксама плячо падстаўляю.

І люблю цябе ўсё гарачэй,
Гэтак, што прамаўчаць немагчыма,
Ты прабач, не магу я цішэй,
Калі ў сэрцы — святое: Радзіма.
ТРЫ СЯСТРЫ
Беларусь, Украіна, Расія —
Тры красуні вялікай сям’і.
Тры сястры назаўжды дарагія,
Тры надзеі славянскай зямлі.

І няўжо вас калісьці разлучаць,
Ад калыскі зраднёных навек?..
Быць чужымі за пернік навучаць?
Бізунамі пагоняць на здзек?

І хіба ёсць жаданне нанова
Апынуцца пад дзікай ардой?
Можа, поле жыцця — Кулікова
Зарасло ўжо глухой лебядой?

Ні дзяды не даруюць, ні ўнукі
Тым, хто здрадзіў набыткам вякоў,
Хто адпрэчыць на горкія мукі
Шмат мільёнаў бязвінных гатоў.

Беларусь, Украіна, Расія!
Хай злякнецца хіжак-ліхадзей.
Ваша еднасць — і веліч, і сіла,
І высокае шчасце людзей!
* * *
Тварыце, людзі, на зямлі дабро,
Жыццё красой штодня мацуйце.
Не золата, брыльянты, серабро,
А сэрца чысціню шануйце.

Маліцеся жывільнай дабрыні
І злом душы не ачарніце,
Каб не смылець на праведным агні,
Адкрыта, шчыра, сонечна жывіце.

Маліцеся Прыродзе як святой,
Матулі, што пад сэрцам вас насіла,
Каханай, што расквеціла вясной,
І працы, у якой святло і сіла.

Не падыміце грознае рукі
На кветку, птушку, чалавека.
Мы гэтулькі спазналі за вякі
Балючых страт, пакут і здзекаў.

Цнатлівае, бясцэннае, яно
Ніколі не ўзыходзіць на падмане.
Ачысцімся мы праз дабро адно
І толькі праз яго Народам станем.
КНІГА
Нам кніга — вечнае святло,
Крыніца ведаў, цуд бясконцы!
І параўнацца з ёй магло б
Відаць, у свеце толькі сонца.

О, я ніколькі не хлушу,
З яе ствараючы куміра, —
Нішто не жывіць так душу,
Не ўзбагачае гэтак шчыра.

Яе вялікасць, заўсягды
Яна — дарадца, сябар чуйны.
Дасць нам глыток жывой вады,
Кране святыя ў сэрцы струны.

Адкрые безліч таямніц,
Дасць у палёт жывыя крылы,
Навучыць радасна любіць
Бацькоўскі край, адзіны, мілы...

І я жадаю ад душы:
Сябруйце ўдзячна з ёй, натхнёна.
Разумным, светлым, вечным жыць —
Што больш каштоўнае сягоння?

Агучваць чыстыя званы
Дабра, стваральнасці, сумлення,
Каб пабуджалі нас яны
Да працы, згоды, ачышчэння.

Адкрыццяў дзіўных, яркіх вам !
Хай будзе кожны крок ваш новы
Прыступкай сонечнай у храм
Пазнання, хараства, любові!
ДУМЫ ЯКУБА КОЛАСА
Вы адчуйце, што я не каменны,
Не бяздумна на плошчы сяджу.
Я – жывы і штоміг, задуменны,
Пільна ў вашыя вочы гляджу.

Бачу, бачу, браткі-беларусы,
Горды нораў краіны маёй.
Я народам яе ганаруся
І квітнеючай роднай зямлёй.

Волю ён не аддаў у кайданы
І будуе свой велічны дом,
Шчырай працы і міру адданы,
Не скароны далярам, рублём…

Я спяваць вам узнёсла гатовы,
Толькі боязна часам, браты,
Каб не трапіла матчына мова
У ганебны палон нематы.

Мне трывожна бывае за горад,
Што ад вёскі-матулечкі ўцёк:
Той спазнае пакутнае гора,
Хто закіне свой чысты выток.

А яшчэ я нярэдка самотны,
Дарагія браточкі, таму,
Што заблуды з глыбіняў народных
Прагнуць бедаў рупліўцу свайму.

Прэч разлады, адкіньце заганы!
Шчырай працы настала пара.
З боскай ласкі народам абраны
Шлях да згоды, да волі, дабра.

Сын святой Беларусі любімай,
Я з высокіх святлістых нябёс
Слаўлю дзень твой стваральны, Радзіма,
Веру ў твой найшчаслівейшы лёс.
СПЯВАЕ ЖЫТА
Спявае жыта... Чуйны вецер струны
Перабірае – майстар-адмыслоў.
І сонца грай, калосся пошум думны
У песні мілай чуецца ізноў.

Прыслухайся: у роўным спеве жытным
Пранізлівая дзіўная туга...
Кранае сэрца голас старажытны,
Вякоў мінулых тайная смуга.

Спявае жыта... Сэрцам прыхініся
І ты адчуеш трапяткой душой
Кліч жаўрука ў блакіце звонкіх высяў,
І водар хаты матчынай жывой.

У песні гэтай стройна-несціханай
Гучыць адвечны заклік малады.
Спявае жыта прагай апантанай,
Святлом нас напаўняючы заўжды.

Спявае жыта... Большай асалоды
У родным полі і не можа быць.
Не страшныя ніякія нягоды,
Пакуль нам песня гэтая гучыць.
НА РАДЗІМЕ
Гараць на ўзлеску першыя суніцы
Жывым дарункам сонца і зямлі,
І хмеліць водар — нібы гэта сніцца,
А не дамоў дарогі прывялі.

І гоіць сэрца ціхі лес гасцінны,
Лагодзіць пошум стройнай збажыны.
Спявае жаўра радасцю нястрымнай,
І кліча ўдаль ражок берасцяны.

Я гладжу косы юнае бярозы,
Як у дзяцінства зазірнуў ізноў.
І толькі думка сумная трывожыць,
Што не вярнуць мне з выраю гадоў.

Дзень добры, незабыўныя мясціны!
Ля Грэзы ціхаплыннай упаду,
Дзе вочы незабудак светла-сініх
Зачаравалі вечную ваду.
ПЕРАД ПОМНІКАМ ЯНКУ КУПАЛУ
Пагрозлівы гул над планетаю.
Радзіму трывожна люблю.
Жангліруе НАТА ракетамі,
Узяўшы ў аблогу Зямлю.

Вы сведка, Іван Дамінікавіч,
З прасветлых, вячыстых вышынь,
Што волю імкнёмся мы выкаваць
Трывалай, каб час не скрышыў.

Мы здольныя гэткае выканаць,
Каб пошасць адолець і гнус.
Мы з вамі, Іван Дамінікавіч,
Будуем сваю Беларусь.

Хоць болю ў нас – што і не выплакаць,
Ды сонца бядзе не зацьміць.
Мы горда, Іван Дамінікавіч,
Сягоння завемся людзьмі,

Мацуемся працай мазольнаю,
Прад намі – азораны шлях.
Жыве Беларусь наша вольнаю
І слаўнаю будзе ў вяках.
СВЯТОЕ
Хай бягуць, пралятаюць гады
Над краінай маёй
                            залатыя,
Толькі ўзрушана будуць заўжды
Узвышаць нас паняцці святыя:

Перамога, Радзіма, Народ! –
У святле іх узнёсла нам крочыць
І не ведаць грымотных нягод
У жывой трыадзінае моцы,

І нястомна ісці на паклон
Да герояў Вялікай Айчыннай,
І адвечную веліч тых дзён
Берагчы, шанаваць несупынна.

Іхняй мужнасцю будзем мы жыць,
Іхняй верай, высокай і правай,
І штоміг мірным днём даражыць
І нязгаснай народнаю славай.