Свабоднае дыханне паэзіі
Эдуард Дубянецкі
Нарадзіўся 20 красавіка 1966 г. у вёсцы Чудзін Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці -- там жа, скуль родам і вядомы беларускі паэт і перакладчык Алесь Каско. У 1983 г. з залатым медалём скончыў Мінскую сярэднюю школу №54 і тады ж паступіў на гістарычны факультэт БДУ. Амаль адразу пасля сканчэння ўніверсітэта ў 1988 г. пачаў сваю навуковую дзейнасць – спачатку працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам у навукова-даследчай лабараторыі гісторыі Беларусі БДУ, затым, на працягу 1992—2004 гг., быў старшым і вядучым навуковым супрацоўнікам Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф.Скарыны, а з 2005 г. па сённяшні дзень працую на пасадзе вядучага навуковага супрацоўніка аддзела тэорыі і гісторыі беларускай культуры БДПУ імя М.Танка.
Апублікаваў 5 аўтарскіх кніг (сярод якіх мастацкія, навукова-папулярныя і энцыклапедычныя выданні), каля дзесятка кніг у суаўтарстве, а таксама звыш 220 навуковых, навукова-папулярных і літаратурна-крытычных работ, якія выйшлі ў свет у Беларусі і замежных краінах (Польшча, Расія, Украіна, ЗША, Кыргызстан). Вершы пачаў пісаць яшчэ ў школьныя гады – праўда, спачатку па-руску. Першыя беларускамоўныя вершы (гэтаксама як і першыя навуковыя і навукова-папулярныя артыкулы) напісаў яшчэ ў далёкім 1990 г. Упершыню мае вершы былі надрукаваны ў газеце «Літаратура і мастацтва» ў кастрычніку 1991 г. Выдаў дзве кнігі паэзіі: “Душы маёй няскончаны палёт” (2011) і “Покліч самотнага неба” (2013), у якія ўвайшлі шматлікія вершы, паэтычныя афарызмы і паэма “Галасы”. Падборкі маіх вершаў друкаваліся ў калектыўным паэтычным зборніку “Пролог” длиною в десять лет…”, у часопісах “Дзеяслоў”, “Верасень”, “Нёман” (у перакладзе на рускую мову), газетах “Літаратура і мастацтва”, “Новы час” (дадатак “Літаратурная Беларусь”), “Вместе”.
Здаўна цікаўлюся тэорыяй і практыкай вершаскладання – найперш рознымі паэтычнымі формамі і жанрамі. Шмат гадоў займаюся эксперыментамі ў галіне паэтычнай тэхнікі, шукаю новыя сродкі мастацкай выразнасці. Больш-менш удалыя спробы напісання вершаў у розных відах і жанрах (каля сотні), здаўна вядомых у еўрапейскай і ўсходняй (пераважна персідскай) паэзіі, знайшлі адлюстраванне ў абедзвюх маіх паэтычных кнігах. У сваёй творчай практыцы выкарыстоўваю як шырока распаўсюджаныя (традыцыйны верш, верлібр, белы і паўбелы верш, санет, трыялет, газель і інш.), так і малавядомыя, надзвычай рэдкія разнавіднасці верша (глоса, канцона, мураба, мусаба, мухамас, пантум, шаіры і інш.), а таксама спрабую ствараць свае аўтарскія паэтычныя формы, якія займаюць, дарэчы, асобны раздзел у кнізе “Покліч самотнага неба”. Увогуле, у творчасці імкнуся заўжды прытрымлівацца свайго адмысловага паэтычнага крэда – “болей нетрывіяльнасці і разнастайнасці, меней ненатуральнасці і прадказальнасці”.
Мне здаецца, што сапраўдны Паэт – гэта адважны лавец жэмчугу, які нястомна сягае ў акіянскую бездань і выцягвае адтуль бліскучыя перліны паэзіі. Яму – гэтаму адважнаму лаўцу – кожны раз патрэбная максімальная канцэнтрацыя ўсіх духоўных, інтэлектуальных і фізічных сілаў, каб завітаць у таямнічае, незразумела-трывожнае падводнае царства цьмяных слоў, неакрэсленых вобразаў і ледзь чутнай таямнічай музыкі і дакрануцца да загадкавага інша-быцця, а затым выплыць на паверхню са сваім каштоўным уловам. І хочацца спадзявацца, што ўдумлівы, спагадлівы чытач таксама здолее знайсці сярод прапанаваных мной твораў тыя, якія пададуцца яму цікавымі, прывабнымі і будуць (у ягоным разуменні) нагадваць невялічкія паэтычныя жамчужынкі.

КАСЫДА ПРА ВЫТОК СЯБРОЎСТВА Й КАХАННЯ

...А сонца цягнецца рукамі-прамянямі,
Каб
Палашчыць хлопчыка на беразе марскім...

Ды толькі хлопчык
Гэтага не бачыць –
Ён будуе
Пясочны замак,
Ну а побач з ім

Заблытаўся у валасах дзяўчынкі
Свавольны
І гулліва-лёгкі брыз,

Які дзяўчынцы-прыгажуні гучна кажа:
“Я выканаю твой любы капрыз!”

І смех дзявочы
Белакрылай чайкай
Над пляжам малалюдным
Паляцеў.

А хлопчык
Кінуў позірк на дзяўчынку
І ёй паслаў насустрач
Ціхі спеў:

“Ай-я ай-я ай-я
А ты прыгожая

Ай-а ай-а ай-а
Бы стройная вярба!

Ай-е ай-е ай-е
І голас твой плыве

Ай-і ай-і ай-і
Бы човен у трыснягі...”

- Што ж, пазнаёмімся. Я – Барбара.
- Алесь.
РАДНЯ

Трывожнай ноччу
і ў дзень такі,
калі цалуе сонца твар ракі,
за нас
хвалююцца бацькі…
І мы
сярод лавіны слоў
пяшчотных, між нямых вятроў
адчаю,
мусім згадваць
пра бацькоў…
Бацькі –
бліжэйшая радня…
А колькі шчэ радні ёсць –
плойма!
Ра-дня –
няйначай, радасць дня
сустрэчы з вамі –
сваякамі –
найдаражэйшым
нашым скарбам на зямлі…
ХОЛАДНА…
Трыялет

Як холадна і цёмна за вакном!
А ў доме валадарыць адзінота.
Ў душы маёй не сонейка, а слота.
Як холадна і цёмна за вакном!
Сціскае сэрца мне ўначы адна турбота:
«А ці сяброў пачуе голас дом?!»
Як холадна і цёмна за вакном!
А ў доме валадарыць адзінота…
ПЛЫНЬ ВЕЧНАСЦІ
Санет

Плынь вечнасці колісь падхопіць і нас,
чый лёс зямны неспасцігальны.
Наш вырак – ахвярай стаць Там, каб не згас
нябесны агонь незгасальны.

І што ж застанецца ад нас на зямлі?
Мо, сказаных слоў ручаінка?
А можа, сляды, што праз лес нас вялі
туды, дзе надзеі іскрынка

бліснула, паспеўшы адно прашаптаць,
што шлях наш – між мрояў блуканне,
што ён будзе светлым, калі ўдасца стаць

заміранымі, бы святыя,
што верай і любасці ззяннем
шляхі азараюць зямныя…
ЗГАРАЕ НАДЗЕЯ...
Мураба

Згарае надзея у вогнішчы суму,
І сэрца так стогне ад дзённага тлуму,
І ноч, што прыходзіць, наводзіць на думу –
Душа твая здрадзіла мне...

З табою расстанне – бы ў пекле пакута.
Здаецца, у крыві разлілася атрута.
Туга да мяне, бы цвікамі, прыкута.
Душа твая здрадзіла мне...

Здаецца змярцвелай і бляклай прастора,
І дух мой прыціснуты цяжарам гора.
Хай гэта спадман, ды не веру, што ўчора
Душа твая здрадзіла мне...
МАЯ ЖАМЧУЖЫНКА
Мусаба

Ты – жамчужына у моры, лёс мне стрэчу даў з табой.
Да сустрэчы жыў я ў горы, знік ранейшы мой спакой.
Як шукаў дабра агеньчык, то ўставаў адчай сцяной.
Зняў з душы я зла каменьчык, дык разліўся сум ракой.
Але ж ты, святла праменьчык, асвятліла мой пакой.
Чараўніца, -- бы дзянніца, позірк светла-цёплы твой! Бурнай жарсці ты царыца, кон пакутна-шчасны мой!...

А любоў твая, вядзьмарка, для душы маёй – бальзам.
То бяжыш ты, нібы хмарка, то стаіш, бы горны храм.
Сэрца ты майго ўладарка, шчасця цуд – быць побач нам.
Нітку хай прадзе нам Парка, верым мы салодкім снам.
Я цябе, будзь хоць мухлярка, анікому не аддам.
Чараўніца, -- бы дзянніца, позірк светла-цёплы твой!
Бурнай жарсці ты царыца, кон пакутна-шчасны мой!...
ЗРАБІ З МАІМ СНОМ, ШТО ЗАХОЧАШ...

Калі мой сон
ізноў
сплываці будзе
уніз па рэчцы,
ты яго спыні...

Спыні
і на руках сваіх вільготных
у дом пусты
свой прынясі ўначы,
а потым
у ложак свой яго,
нібыта котку,
з сабою побач
пакладзі і прытулі,
альбо,
як бруднае
і непатрэбнае люстэрка,
ушчэнт разбі яго,
без роспачы разбі...
ГУЗАКІ

Здаецца мне,
што дні, гады, вякі
зрэдзьчас
б’юць у лоб
шырокі Чалавецтва,
і ў выніку
на лбе на тым
узнікаюць
вялікія й малыя
гузакі...

І чым тых болей
незвычайных гузакоў,
бліжэй тым
Чалавецтва падыходзіць
не да палаца мудрасці
ці храма
любові трапяткой,
а да кладоў...
ТВОРЧАСЦЬ

У лабірынце слоў нямых блукаю
нястомна я шукаю сярод іх
такія словы
каб з іх можна было скласці
нібыта пазл
таямнічы верш
які б змог вырвацца
з прасторы нематы
і ў рэшце рэшт
загаварыць
са мной,
з табой,
а мо
і з цэлым светам...
ТАМ...

Там штось шапоча пасівелая рака,
вісяць, бы яблыкі, на дрэве неба зоркі,
там выглядае лодка рыбака
чаўном Харона. І ляжаць пагоркі,
нібы вярблюды у пустыні; вецер там
містычнай цішынёй зачараваны,
бы немаўлятка, спіць. З нябёс бальзам
спакою льецца. Дзіўны час нірваны...
ПАД ВОСЕНЬСКІМ НЕБАМ

Пад восеньскім небам
я чую
размову вясёлых вятроў…

Пад восеньскім небам –
я бачу
белы танец апалых лістоў…

Пад восеньскім небам
ты чуеш
нас кліча анёлак у Эдэм.

Пад восеньскім небам
ты ўбачыш!
аблокаў самотных тандэм
плыве самавіта
і ў дзень той
табе
прашапчу я “Je t’aime…”
ГІМН ПЯШЧОЦЕ

Тады,
калі кранаюцца мае вусны тваіх,
тады,
калі яны вядуць нячутны патаемны дыялог, –
гэта твой зорны час,
Пяшчота.

І тады,
калі мы сядзім на тэрасе ля мора
і глядзім адзін аднаму ў вочы,
там,
у іх бяздоннай глыбіні,
ты запальваеш
свае маленькія
(толькі нам дваім відомыя)
агеньчыкі,
Пяшчота.

І ў той час,
калі мы пасля летніх вакацыяў
зноўку сустракаемся,
і пасля апошняга кінасеанса
праводзім доўгачаканую
амаль бяссонную ночку,
ты й там, о лепшая госця,
ты й там сястра жарсці,
Пяшчота.

Нават там,
дзе здавалася б,
табе не месца,
там,
дзе галоўнае выжыць, не здацца,
у халоднай краіне адчаю і адзіноты,
нават там
успамін пра цябе,
нібы зёлкі
з адвечнае пушчы,
можа сілы мне даць не зламацца
і вярнуцца дадому,
Пяшчота.

О, Пяшчота,
суправаджай нас,
як цень,
і будзь
(покуль будзем мы разам)
анёлам-ахоўнікам нашым.
ПАГРУЖЭННЕ

…І шлях уніз мой пралягае,
дзіўны шлях туды,
дзе ледзь не з кожным сантыметрам
становіцца цяплей і гарачэй,
дзе пачынае ўжо кружыцца галава,
дзе кроў, нібы аб бераг хвалі,
настойліва, няспынна б’ецца ў скроні,
і дзе, нарэшце,
адбываецца падзенне
(а мо, узлёт?!)
у бездань пачуцця –
там толькі мы,
там нават час знікае
і мы з табою на мяжы іншабыцця…
І ўвесь той шлях,
шлях-пагружэнне ў глыбіні
цела і духу скончыцца тады,
калі расквецяць нашы стогны цішыню
(так, як расквечваюць нябёсы
гром з маланкай),
а потым сцішацца
й мы вернемся,
нарэшце,
з іншабыцця
ў свет звычайны,
каб тады
пра паўтарэнне таго шляху
марыць, марыць…
ЗНЯДУЖАНЫ ВЕЧАР

Знядужаны маўклівы вечар,
паклаўшы
ў свой вялізны заплечнік
усе самыя яркія фарбы
і пахі дня,
і зняўшы з неба
згасаючы сонечны каганец,
кладзецца спаць
на чыстую пасцель
сваёй каханкі
чорнабровай – ночы...
РАНАК--ВАЛАЦУГА
Ціхенька ранак
коткай паўзе
ў маю хату.

Разгортваецца,
бы папірус, на сцяне
дзівосны сонечны малюнак –
ад каго
такі мне
незвычайны падарунак?!.

...Злятае з вейкаў сонная напруга –
што ж,
прывітанне,
ранак-валацуга!
ТАК І НЕ

- Закахаўся хлопец у прыгожую, бы ружачка, дзяўчыну?
- Так!

- Закахалася дзяўчына ў хлопца дужага, як дрэва?
- Так!

- Кветку шчасця ці змаглі знайсці яны ў жыцці?
- Не!

- А забыць змаглі адзін аднога аж да скону?
- Не-не-не!..

МАЁ КАХАННЕ

Маё каханне — боль, пакута,
Бальзам для сэрца і атрута,
Найлепшая у садзе кветка
і для душы крылатай клетка,
Неўтаймаванай жарсці свята,
Пяшчоты ціхая саната,
І рэўнасці ўзаемнай драма,
Адчаю з верай амальгама,
Маланка радасці, натхнення,
іголка роспачы, сумнення,
І хуткага расстання знічка,
Надзей крыштальная крынічка,
І шчасця крык ў начной цішы,
Каханне — гэта я і ты!..
РАКА СНОЎ
Газель

Я плаваю у рэчцы сумных сваіх няяркіх сноў
У снах тых вобраз твой ўзнікае зноў і зноў.
Наяве мы з табой не разам ўжо даўно
І ты далёка — у краіне пякучых халадоў.
Узгадваць соладка і сумна ў час начны
Вачэй пяшчотных бляск, пах чорных валасоў…
Так, ты сышла, аднак дагэтуль чую гук
Тваіх даверлівых, кранальна-ціхіх слоў.
І сэнсу папракаць кагосьці цяпер ужо няма —
Бо мы не вытрымалі рэўнасці халодных
скразнякоў…
…Але я веру-спадзяюся, што калісьці мая душа
Пакіне вежу роспачы і ўвойдзе ў палац кахання
зноў…
БЕЛАЯ МАЛІТВА

У цемры ўзыходзіць святло справядлівым;
добрае яно і міласэрнае і праведнае…
Псальм 111:4

О, Божа, памілуй мя, Божа!
Дай светлага мне ўсяго:
дай радасці белай, квяцістай
і волі дай мне прамяністай,
і веры глыбокай і чыстай,
натхнення таксама дай белага,
збавення для сэрца знямелага,
паходню дай у рукі нясмелага
і шчэ дай кахання празрыстага,
дай шляху мне некамяністага,
ад цёмнага збаў і ад хітрага,
ад чорнай бяды адвядзі,
нахабных і злых асадзі,
дай шчасця, бы зорка, яскравага,
дай бачыць мне белыя сны,
душу збаў ад здрады, маны!
О, Божа мой,
дапамажы!