"За ножку ды аб сошку"
Грані эстэтызацыі жорсткага: жорсткі раманс,
фэнтазі і фан-фікшн

Маргарыта Латышкевіч

З надыходам новага часу ў культуры назіраецца своеасаблівы пералом. Падобны ж пералом адбыўся і ў межах жанравай сістэмы фэнтазі. Да здабыткаў папярэднікаў, да створанай імі традыцыі новыя аўтары пачынаюць ставіцца надзвычай крытычна, спрабуюць адысці ад канонаў класічнага высокага фэнтазі, пераасэнсаваць іх, шукаюць новыя шляхі для выяўлення на ўзроўні формы, зместу. Характарыстыкі свету і героя падаюцца наўмысна зніжаным стылем, вялікая ўвага надаецца «непрыгожым» праявам жыцця. Так нараджаецца жанравая разнавіднасць «цёмнага фэнтазі». Але ці адзінкавы гэты выпадак? Ці толькі з надыходам эпохі постмадэрну літаратурны працэс пацярпеў падобныя змены? Або, магчыма, карані гэтай з’явы знаходзяцца значна глыбей і сягаюць фальклору?

У параўнальна маладым жанры жорсткага раманса (ХІХ ст.) заўважаецца адрозная тэндэнцыя да ўвасаблення жорсткасці, чым у баладных песнях. Жорсткае ўзводзіцца ў ранг абавязковага элемента лірычнага выказвання. Побач с меладраматызмам і трагічным фіналам гэтая эстэтызаваная жорсткасць, змрочнасць – адна з прыкмет, па якіх у прынцыпе можна вылічыць «жорсткі раманс» у асяроддзі іншых твораў. Даследчыца Алена Кукрэш зазначае: «Гэтыя песні выконваюцца вельмі эмацыйна, кранаюць слухачоў сваёй адкрытай вострасюжэтнасцю і звычайна драматычнай афарбоўкай. У народзе такія рамансы называюць яшчэ “даўняшнімі”, “мілымі”, “любезнымі”, “слязлівымі”, “перажывацельнымі”, “страдацельнымі”, “сардэчнымі”, “душэўнымі”, што паказвае пяшчотнае станаўленне да іх выканаўцаў”» [4; 16]. Падобная драматызацыя, імкненне да дэманстрацыі змрочных бакоў жыцця, наўмысны акцэнт на часта шакіруючых элементах эстэтыкі характэрны таксама і для жанравай разнавіднасці цёмнага фэнтазі – твораў, мастацкі свет якіх паказаны надзвычайна непрыязным адносна дзеючых асоб. Цікавая паралель: няўтульнасць і варожасць свету ў жорсткіх рамансах і цёмным фэнтазі выходзіць на першы план, спецыяльна падкрэсліваецца: «…свет – брудная дзірка, дзе жывуць жорсткія, брыдкія вылюдкі, а героі, перацярпеўшы неймаверныя пакуты, у фінале гінуць надзвычайна балючай смерцю» [5; 24].

Як можна патлумачыць падобную увагу да несуцяшальных падрабязнасцей? Варта звярнуцца да канцэпцыі карнавала, паводле якой кожнае паміранне дае зерне новага жыцця. Верагодна, творы з такім зместавым напаўненнем паўстаюць для выканаўцаў (ці чытачоў – у выпадку з фэнтазі) нечым накшталт карнавальнай маскі, ролі, адыгрываючы якую, можна, перажыўшы моцныя эмоцыі, прайсці шляхам катарсісу. «Яны [рамансы. – М.Л.] вабілі слухачоў і выканаўцаў прастатой формы, шчырасцю лірычнага героя ці гераіні, своеасаблівай жыццёвасцю прыватных падзей, меладраматызмам, сентыментальнасцю, накалам падзей і пачуццяў, карацей кажучы, усім тым, што супрацьстаіць прозе жыцця і што было часткова ўласціва баладным песням» [1; 18]. Успомнім таксама, што жорсткі раманс нарадзіўся ў гарадскім (мяшчанскім) асяроддзі, таму для вяскоўцаў нёс у сабе адбітак адукаванасці, элітарнасці. З гэтым трэба звязваць і мову твораў – у пераважнай большасці выпадкаў рускамоўны нацыялект.

Калі акрэсліць сістэму вобразаў такіх твораў, то палітра тут даволі скупая. Заўжды ёсць патэнцыяльная ахвяра, маску якой зазвычай надзяе сам выканаўца; ёсць крыўдзіцель (або крыўдзіцелі) – суворыя бацькі, злы муж, «саблазніцель»-спакуснік, няверная сяброўка і г.д.; ёсць фонавыя персанажы, безгалосы і бяствары натоўп, які можа быць сведкам падзей. Сярод класічных злачынцаў можна назваць наступных: бацька-забойца («Как на кладбище Митрофановском...»), няверная жонка («В адном красівам месце»), здрадлівы каханак («Была восень, была восень, была халодная пара», «Как вспомню я юные годы...») і г. д.

Не менш класічныя ахвяры: дзеці-пакутнікі («Как на кладбище Митрофановском...»), нешчаслівыя каханкі-самазабойцы («Тихо над речкою ивы качаются», «Кагда была я малада…», «Матрасёнак на рацэ»), таксама – «бязвінна вінаватыя», героі, што пайшлі на злачынства, але нібыта не па ўласнай волі (яркі прыклад – няшчасны каханак, які зарэзаў Олю («Васількі»)). Заўважым, што найбольш распаўсюджанымі з’яўляюцца менавіта персанажы жаночага полу: гэта ў абсалютнай большасці безабаронныя пакутніцы. Яны, ахопленыя каханнем, адмаўляюць парады бацькоў і парушаюць агульнапрынятыя нормы маралі («Кагда была я малада…», «Матрасёнак на рацэ», «Мілы ўехаў, мяне бросіў»), нараджаюць дзяцей па-за шлюбам, проста з’язждаюць следам за каханкам (натуральна, няверным). Адзінае, што застаецца такой гераіні, пасля таго, як іх гісторыя кахання заканчваецца, – гэта смерць (самазабойства):

Падружкі, ка мне прыхадзіце,
Я буду ляжаць на стале.
Падружкі, мяне не судзіце,
Заройце мой труп в цішыне. [3]

Цэнтральны персанаж заўжды аддзелены ад астатніх, уласна, менавіта ён з’яўляецца рухавіком сюжэта твора, на яго баку ўсе сімпатыі самога выканаўцы і яго слухачоў. Нават калі ў якасці персанажа-ахвяры выступае «малодзенькі вор» (прадстаўнік крыміналітэту), аўтар адназначна спачувае яму, маркіруючы «айца-пракурора» негатыўна. Ад фонавых персанажаў галоўны герой аддзелены ад пачатку, абасоблены паводле сваёй сутнасці. Ён – актор, выхаплены святлом рампы, і натоўп можа ціснуць на яго, можа адкрыта спачуваць, можа ігнараваць праблему як такую, але супрацьпастаўленасць застаецца. Варожасць атачэння толькі яшчэ раз падкрэслівае вылучанасць галоўнага героя і прадвызначае яго незайздросны лёс.

Такога аддзеленага ад астатніх героя-самотніка, выключнага сваёй індывідуальнасцю, прэзентуе нам літаратура рамантызму. Уласна, экзатычнасць многіх сюжэтаў, іх абавязковая драматызацыя, асуджанасць галоўнага героя – усё гэта прыйшло ў жорсткі раманс з літаратуры. На гэтым прыкладзе можна назіраць сыходжанне ідэй сапраўднай інтэлектуальнай і творчай эліты ў масы, генерацыю масавай, папулярнай культуры. Гэтаксама пазней выпрацаваныя літаратурай цёмнага фэнтазі ідэі невыноснага выбару, супрацьстаяння з наваколлем, асуджанасці свету сыдуць у новую праяву масавай культуры – фан-фікшн.

Механізмы фарміравання «абранніка», вылучанага з натоўпу персанажа, захаваліся да нашых дзён. У творах цёмнага фэнтазі перад намі такі самы самотнік, які не можа знайсці сваё месца ў соцыуме або папросту выключаны з яго (праз паходжанне, жыццёвыя перыпетыі або нават па ўласным жаданні). Напрыклад, лёс персанажаў Майкла Муркака прадвызначаны ад нараджэння: усе яны з’яўляюцца інкарнацыямі аднаго Вечнага Ваяра і асуджаныя ісці за прызначэннем. Геральт, галоўны герой аповесцяў Анджэя Сапкоўскага, штодзень сутыкаецца з непрыкрытай варожасцю з боку іншых людзей праз сваю прафесіянальную прыналежнасць і таксама сутыкаецца з прадвызначанасцю – але спрабуе з ёй змагацца. Дэтэктыў Гарэт, цэнтральны персанаж аднайменнага цыкла Глена Кука, становіцца маргіналам праз сцячэнне абставін і па сваім жаданні не выходзіць за межы гэтай ролі, атрымліваючы ад яе асалоду.

Калі ж мы параўнаем гераіню «жорсткіх рамансаў» з аўтарскай маскай большасці твораў сучаснага фан-фікшна (так званая Мэры-Сью), заўважым яшчэ больш цікавыя паралелі. Гераіня-пакутніца ў жорсткім рамансе заўжды выключная ў сваёй прыгажосці:

Как вспомню я юные годы,
Когда малолетней была,
Своей красотой утоляла
І в мірэ, как роза, цвела. [3]

Параўнаем з тыповымі апісаннямі Мэры-Сью: «…у неё была красивое лицо и правильные пропорции в талии. Она была похожа на Клаудию Шиффер в молодости. На Лиле была красная юбка в оборках. В носу пирсинг и разбитая губа. На ней были красные сапоги и топ сверху. Она была прекрасна, как и раньше…» або «…её мысли всегда были мудрые, так как она была и умная, и остальное» [7].

Як і Мэры-Сью, такі персанаж з’яўляецца маскай і ажыццяўляе прыхаваныя жаданні свайго стваральніка (ад імкнення далучыцца да «гарадскога» жыцця да прагі вострых перажыванняў). Нельга, аднак, забывацца і на несумненнае павучанне, маралізатарства, часта заключанае ў гісторыях нешчасных дзяўчат. Напрыклад:

Я всем падружкам гаварыла:
Не дзелайце, как я.
Рабятаў страсна не любіце,
Рабятаў бойцесь как агня. [3]

Эстэтызаваная жорсткасць вымагае ад слухача адпаведнай эмацыянальнай рэакцыі, водгука – спачуванне, нават слёзы. Можна сказаць, твор рэгламентуе ўзровень эмацыянальнага накалу: невыпадкова самі выканаўцы называюць такія творы «жаласнымі песнямі». У. Я. Проп нават падае «меладраматычнасць» як адметную рысу жанра, згадваючы пра сюжэтнае падабенства з баладамі.

Такое заігрыванне з эмацыйнай сферай, відаць, тлумачыць надзвычайную папулярнасць падобных твораў. Экзатычнасць і «жаласлівасць» рамансаў утвараюць яркую процівагу штодзённаму побыту, прыадчыняючы акенца ў карнавалізаваную рэальнасць, дзе выканаўца можа прымерыць маску, якая яму даспадобы, і, прыняўшы правілы гульні, пагуляць у драму (даволі блізкі, хаця і фантастычны аналаг – у кнізе «О дзіўны новы свет» О. Хакслі – прэпарат Замяняльнік Бурнай Жарсці). Перад намі не што іншае, як «мыльныя оперы» ХІХ– пачатку ХХ стст. (і па сюжэтным складніку яны, як можна бачыць, мала адрозніваюцца).

Цёмнае фэнтазі таксама скіраванае на выкліканне ў чытача пэўных эмоцый – найперш, натуральна, жаху, паколькі жанрава такія творы цесна судакранаюцца з хорарам (англ. horror). Аднак для твораў фэнтазі найперш важна не просто прасмакаваць крывавыя падрабязнасці або шакіраваць чытача, але гэтаксама як і ў жорсткіх рамансах, паказаць маральную дылему. Героі цёмнага фэнтазі вымушаныя выбіраць паміж большым і меншым Злом (параўнаем – апавяданне «Меншае Зло» А. Сапкоўскага). Нельга не зазначыць, што персанажы жорсткіх рамансаў таксама часта змушаныя рабіць рашучы выбар, аднак у іх выпадку проціпастаўляюцца палярныя паняцці (напрыклад, вернасць або здрада). Але сапраўдная трагедыя герояў жорсткіх рамансаў у тым, што правільны выбар яны зрабіць няздольныя, у той час калі для героеў цёмнага фэнтазі папросту не існуе «правільнага» выбару – ёсць толькі суровая неабходнасць і некалькі амаль аднолькава непрыемных варыянтаў развіцця падзей. Ідэалізаваная ж гераіня фан-фікшну, у сваю чаргу, папросту не ўмее памыляцца і таму, натуральна, не можа выклікаць такі ж спектр эмоцый.

Эстэтызацыя трагічнага, у сувязі з падзеямі сусветнай гісторыі, пазней прывядзе да феномена «чорнага гумару». Апошні, па вялікім рахунку, з’явіцца вынікам асэнсавання абсурднасці чалавечага існавання. Аднак трэба памятаць, што глебу для сучасных «садысцкіх вершыкаў» падрыхтавалі ўжо жорсткія рамансы. Спачатку жудасныя жыццёвыя калізіі пачынаюць успрымацца як неабходны элемент твора, пасля, с цягам часу, іх «карнавальная» маркіраванасць сціраецца, чытач/слухач болей не рэагуе эмацыянальна на апісаныя падзеі, і мы атрымліваем «раўнадушнае асяроддзе». А. Бергсан пісаў: «Раўнадушша – яго [смеху. – М.Л.] натуральнае асяроддзе. Смех не мае больш магутнага ворага, чым перажыванне. Я не хачу сказаць, што мы не маглі б смяяцца перад асобаю, што выклікае ў нас, напрыклад, спачуванне або нават прыязнасць, але тады трэба на імгненне забыцца пра прыязнасць, прымусіць яе замаўчаць» [2; 7]. Трагізм пераўтвараецца ў камізм, свайго заўсёднага двайніка, але тэрапеўтычная, лекавая функцыя такіх твораў застаецца (з адценнем балагану, канешне). Праз смех чалавеку прасцей усвядоміць уласную смяротнасць і абмежаванасць існавання (праблема, якая асабліва надзённай стала пасля сусветных войнаў) і змірыцца з гэтым.

Як бачым, сённяшні стан жанравай сістэмы фэнтазі быў прадвызначаны яшчэ за стагоддзе да з’яўлення ў ёй новых разнавіднасцей. Эстэтызацыя жорсткага, якая распачалася ў жанры фальклора, арганічна перайшла ў прафесійную літаратуру, а адтуль, трансфармаваўшыся, – у творчасць аматараў, замыкаючы, такім чынам, кола.


ЛІТАРАТУРА
1. Баладныя песні (балады): метад. указанні і іл. матэрыял да правядзення фальк. практыкі студэнтаў / Р. М. Кавалёва і інш. – Мінск, 2010. – 100 с.
2. Бергсон, А. Смех / А. Бергсон. – М., Искусство: 1992. – 126 с.
3. Жанравы архіў ВНЛ беларускага фальклору пры кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта БДУ
4. Кукрэш, А.М. Жорсткі раманс / А.М. Кукрэш. – Мінск : Кнігазбор, 2010. – 435 с.
5. Невский, Б. Тёмная сторона магии // Мир фантастики и фэнтези №23; 2005 г.
6. Пропп, В.Я. Поэтика фольклора / В. Я. Пропп. – М., Лабиринт: 1998. – 352 с.
7. Фикомания, или пособие для юных авторов, рэжым доступу http://www.hogwartsnet.ru/fanf/ffshowfic.php?l=0&fid=1185