Альманах "Дзьмухавец"

Да 75-годдзя
з дня нараджэння Васіля Ліцьвінкі

Мікола Котаў пра сябра, дарадчыка, чалавека Васіля Ліцьвінку

Незнарок, як судзьба, мы сустрэліся непадалёку ад філалагічнага факультэта БДУ. Тады я толькі чуў пра В. Д. Ліцьвінку, да і ён чуў пра мяне (відаць, ад Н. С. Гілевіча).

Так мы пачалі ўспамін пра Палессе, людзей і шчырую любоў да зямлі, да традыцыйнай культуры, абрадаў.

Відаць, мая размова пра фальклор беларусаў прыйшлася яму даспадобы і ён запрасіў мяне ў навукова-даследчую лабараторыю беларускага фальклору. Так пачалася наша сумесная праца. Былі і спрэчкі, але яны мелі творча-навуковы характар.

Так, мы разам ехалі на вёскі, каб падтрыхтаваць фальклорныя гурты да тэлеперадачы “Запрашаем на вячоркі”. Быў час, калі мы вялі яе ўдваіх, а затым ён даверыў гэта мне. Бывала, пасля эфіру я атрымоўваў у косці, ён казаў: “Ты ж, Мікола, навуковец, ты не маеш права на выдумку, толькі даследаванне, яшчэ і яшчэ да людзей, да галоўных носьбітаў нашай спадчыны, толькі яны галоўныя нашы ўніверсітэты і настаўнікі”.

А аднойчы прыехаў ў Тураў, ёсць там ля ракі Прыпяць невялічкі скверык. Сеў Васіль і запеў, праз хвілін пятнаццаць ля нас было шмат народу, усе ад душы спявалі разам.

Аднойчы вырашылі правесці ў Траецкім прадмесці гулянні на Вялікдзень – сумесна з фондам культуры. Далучыліся да нас шчырыя людзі: напрыклад, Анатоль Кісель з вёскі Обчын Любанскага раёна Мінскай вобласці шчыра чытаў свае вершы, вёў праграму. Увогуле, тыя святы прайшлі весела і пазнавальна.

Памятаю, як Васіль Дзмітрыевіч запрасіў мяне на яго малую радзіму – у вёску Церабяжоў Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Хата іх стаіць на высокім кургане, унізе цячэ маленькая ручалка, ручаёк. Расказваў мне Васіль, як малы галяком збягаў да гэтай ручаіны з пруцікам, пляскаў лазінай па вадзе, дзе рыба патрывожыць ваду ці жаба скокне.

Малым дапамагаў маці капаць бульбу, насіў паленцы ў хату. Хадзілі мы да яго дзядзькі Сашы, той вельмі хораша спяваў народныя песні, збіраліся аднавяскоўцы – і адбываліся сапраўдныя вячоркі, і вясёлыя, і сумнаватыя трохі. Васіль Дзмітрыевіч болей слухаў і, здавалася, сэрцам сваім убіраў словы народных песень.

Аднаго разу прыехалі мы да яго дамоў, калі вельмі хворая была яго маці. Вывелі мы яе, зусім кволую, у двор, паклалі посцілку на прызбе, пасадзілі маці, і яна ціха расказвала пра сваё жыццё, пра тое, як Васіль служыў на флоце, як умеў пячы бліны, як спяваў разам з ёю і дзядзькам Сашам. Аднойчы ў Церабяжове ладзілі дажынкі. Жанчыны, прыгожа апранутыя, ішлі з поля, а іх сустракалі ля вёскі жніўнымі песнямі, карагодамі, пачастункамі. Шчыраю была людская падзяка.

А Васіль Ліцьвінка нават слязінкай вітаў сваіх землякоў, ён быў дужа ўсхваляваны, адчуваў гонар за людзей, якім не патрэбны быў рэжысёр, якія проста дзякавалі зямлі за тое, што корміць і сагравае іх.

На Палессі, ля вёскі Чэрнічы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці навукова-даследчая лабараторыя стала ініцыятарам свята “Грай гармонь” на беразе ракі Прыпяць. Былі карагоды, былі спевы. Калі ж мы вярнуліся ў Мінск, адбылася грунтоўная размова. Васіль казаў: “Я ўпэўнены, што студэнты мусяць не толькі праходзіць практычныя, але і бываць у глубінцы, побач з людзьмі, каб натхняцца духам народнай праўды”.

Пры навукова-даследчац лабараторыя існаваў канцэртны гурт. Васіль вельмі любіў танчыць ды спяваць, на канцэртах абменьваліся вопытам прафесіяналы і аматары. Галоўнаю місіяй Васіля Ліцьвінкі на зямлі было – служыць людзям, аберагаючы традыцыі народа і перадаючы іх моладзі.

Я ўдзячны за яго навуку, нізкі паклон яму. Яшчэ і цяпер ён дае мне натхненне, і подых яго заўжды побач.

Мікола Котаў, этнахарэограф, балетмайстар


Васіль Дзмітрыевіч Ліцьвінка:
З песняй у сэрцы



Штрыхі да біяграфіі

Нарадзіўся 7 снежня 1941года ў вёсцы Верхні Церабяжоў на Століншчыне.

Пасля заканчэння сярэдняй школы выкладаў беларускую мову, літаратуру і спевы ў сямігодцы вёскі Лука на Століншчыне (1958—1960).

Служыў у ваенна-марскім флоце СССР (1961—1964).

У 1970 г. скончыў філалагічны факультэт БДУ, якому прысвяціў з 1976 г. усё сваё працоўнае жыццё. Адзін з арганізатараў сектара беларускага фальклору і дыялекталогіі (утвораны ў 1981 г.) у складзе Праблемнай НДЛ сацыялагічных даследаванняў філалагічнага факультэта БДУ, а пасля – навукова-даследчай лабараторыі беларускага фальклору і дыялекталогіі БДУ (утворана ў 1985 г.), загадчыкам якой быў амаль 20 гадоў.

У 1983 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме “Рыгор Шырма-фалькларыст”

Абраў гэтую тэму таму, што асабіста быў знаёмы з гэтым выдатным дзеячам беларускай культуры, які сваім уласным прыкладам натхніў Васіля Ліцьвінку на пачэсную справу захавання і адраджэння беларуска- га фальклору.

З 1964 года займаўся збіраннем, даследаваннем, выданнем і папулярызацыяй фальклору і этнічнай культуры беларускага народа. Асабіста запісаў каля 200 000 тэкставых і 50 000 аўдыёзапісаў фальклорных матэрыялаў.

Аўтар 20 кніг і зборнікаў фальклору, больш 370 навуковых, вучэбна-метадычных і навукова-папулярных друкаваных работ.

1987—2003 — аўтар і вядучы тэлепраграмы «Запрашаем на вячоркі».

Пахаваны на могілках у роднай вёсцы.


Асноўныя публікацыі

  • Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры Брэсцкай вобл. / (у суаўтарстве) — Мн., 1973.
  • Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры Гомельскай вобласці / (у суаўтарстве) — Мн., 1989.
  • Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры Мінскай вобласці / Укл. Васіль Ліцьвінка — Мн., 1995.
  • Рыгор Шырма. Песня — душа народа / Васіль Ліцьвінка — Выданне I. — Мн., 1976.
  • Рыгор Шырма. Песня — душа народа / Васіль Ліцьвінка — Выданне II. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1993. — 348 с
  • Васіль Ліцьвінка. Р. Р. Шырма — фалькларыст. Аўт. дыс. канд. філ. навук — Мн., 1984.
  • Песні партызанскай славы. / Укл. Васіль Ліцьвінка — Выданне I. — Мн., 1984.
  • Песні партызанскай славы. / Укл. Васіль Ліцьвінка — Выданне II. — Мн., 1988.
  • Калыханкі і забаўлянкі. / Укл. Васіль Ліцьвінка — Мн., 1992.
  • Ліцьвінка Васіль. Край Адамаў родны… Новагародчына — Мн., 1992. — С. 231-297. — (У зб.:Школьны літаратурны вечар.).
  • Васіль Ліцьвінка. Веснавыя святы і абрады — Мн., 1995.
  • Васіль Ліцьвінка. Зімовыя святкі — Мн., 1995.


Прэзентацыя падрыхтавана ВНЛ беларускага фальклору.