Дзьмухавец 15
МОЙ ФІЛФАК У КАЛАРЫТНЫХ ПОСТАЦЯХ

Нататкі Тамары Нуждзіной

Студэнты – асобы народ. За гады вучобы набывалі не толькі веды, але – як філолагі – вучыліся назіраць за ўсім і ўсімі, думаць, ацэньваць, жартаваць. На лекцыях, семінарскіх занятках, у час вучэбнай практыкі або экзаменацыйнай сесіі. Кожнае пакаленне філфакаўцаў БДУ зафіксавала ў сваёй памяці, сваёй свядомасці аблічча многіх выкладчыкаў, якія дапамагалі спасцігаць далёка няпросты свет філалагічнай навукі. Запомніліся многія сцэны, эпізоды, кур’ёзныя гісторыі, а яшчэ засталіся ў памяці назаўсёды звычкі, манера трымацца, гаварыць, рэакцыя выкладчыка на нестандартную сітуацыю. Сітуацыі “абраставалі” падрабязнасцямі, станавіліся філфакаўскім фальклорам.


Алег Лойка

І сёння – праз гады, што прайшлі з таго часу, – бачыцца выразна і ярка ўсмешліва-паэтычны Міхась Рыгоравіч Ларчанка. Да разумення значнасці ведаў па старажытнай беларускай літаратуры ўчарашнія школьнікі не дарасталі, але затое ўжо ведалі (з падачы вопытных старшакурснікаў), як лёгка купляецца паважаны прафесар на просьбу пачытаць на лекцыі вершы любімых ім паэтаў. І ён чытаў нам захоплена лірыку С. Ясеніна, вершы, што паяўляліся на старонках “Полымя” ці “Маладосці”. Уражваў сваёй учэпістай памяццю. Не паспеў Я. Еўтушэнка апублікаваць у перыёдыцы паэму “Брацкая ГЭС”, а прафесар Ларчанка чытае нам на памяць уступную частку да твора. Чытае натхнёна, выдатна інтаніруючы кожны зварот паэта да рускіх класікаў з улікам рытміка-стылістычнай непаўторнасці лірычнага голасу кожнага з іх.

Нават на экзамене студэнт, які любіў паэзію, мог “угаварыць” выкладчыка замест адказу, скажам, пра дзейнасць, светапогляды В. Цяпінскага або С. Буднага паслухаць вершы сучаснага паэта ўжо экзаменатару. Дэмакратычны Міхась Рыгоравіч даваў сваю згоду. Для яго самым важным было не адбіць у студэнта жаданне любіць паэтычнае слова, разумець і адчуваць яго.

А вось яшчэ адна каларытная постаць – Дзмітрый Якаўлевіч Бугаёў. Першае знаёмства з аўдыторыяй. І раптам такая нечаканая заяўка, канстатацыя факта: “Студэнты за мной звычайна не пішуць. Можа таму, што чытаю хутка.” Сапраўды было складана ўгнацца за багаццем яго думак, імклівасцю іх выкладання. Чытаў заўсёды за кафедрай, якую называў па-бугаёўску адметна – шпакоўня. Яму патрэбен быў уважлівы студэнт, які ўмеў слухаць і думаць. І, вядома, заўсёдная “шпакоўня”.


Міхась Ларчанка

Быў аднойчы і такі прыкол: рашылі схаваць кафедру і паглядзець на рэакцыю лектара. На той раз успрыняў адсутнасць “шпакоўні” як недарэчную выпадковасць. Калі ж з’ява стала паўтарацца, зразумеў, што ўсё робіцца знарок: студэнт жартуе. Усыпаў з усёй шчодрасцю яго вострага слова. Больш не жартавалі.

Пра Марыю Андрэеўну Жыдовіч добра ведалі і са свайго асабістага досведу. На практычных любіць доўга “дапытваць” аднаго студэнта, “ганяючы” яго па ўсіх формах старажытнай граматыкі непасрэдна на старонках старадаўніх грамат або тэкстаў свецкай літаратуры. Лекцыі чытала звычайна ў акулярах. Калі ўвагу прыцягвала “галёрка”, акуляры здымала або падымала ўверх і – заўважала непарадак. Здзіўленню не было мяжы: “Галубачка, ды ты ніяк панчоху вяжаш?!”. Высветліўшы прозвішча майстрыцы белых вязаных панчошак, модных на той час, працягвала чытаць далей. Кур’ёзная гісторыя мела свой працяг. Перад сесіяй “галубачка” рашыла ўзяць падручнік у кабінеце беларускай мовы. Сваю просьбу лабарантцы Іне Каралёвай патлумачыла (з разлікам на спачуванне) наступным чынам: “Старая Жыдовіч добра запомніла мяне з тым вязаннем і “дастане”, мабыць, на экзамене. Трэба хоць трохі пачытаць, бо спісаць не дасць”. Не ведала (бо першы раз была ў кабінеце), што сваю інтэрпрэтацыю той гісторыі давала не проста лабарантцы, а роднай дачцэ прафесара Жыдовіч.

І ў тую далёкую філфакаўскую эпоху студэнты таксама карысталіся “шпорамі”, пры магчымасці, а некаторыя аматары “шпаргаліць” – амаль заўсёды. Праўда, сёння “шпаргалаводства” стала больш мадэрновым, з выкарыстаннем электронных прылад. Тады “вырабляліся” ад рукі. Дасведчаны ў сістэме спісвання малады на той час спадар Міхей перад сваім экзаменам напаўжартам ці ўсур’ёз (хто яго разбярэ!) раіў сваім студэнтам: “Пішыце шпаргалкі. Самастойна. На кожнае пытанне, а на экзамене (перад тым, як узяць білет) пакладзіце мне на стол. І калі на пытанні білета зусім не атрымаецца адказ, пастаўлю станоўчую адзнаку”. Не прыгадваецца, каб хтосьці так зрабіў.


Стаяць злева направа: Вячаслаў Каладзінскі, Тамара Нуждзіна, Ніна Рашэтнікава, Маргарыта Яфімава, Люба Тарасюк
сядзіць: Любоў Карніловіч (Ламека)

Паважаны Б. І. Касоўскі чытаў лекцыі па агульным мовазнаўстве. Весці запіс лекцыйнага матэрыялу заміналі два моманты: тэрміналагічны базіс лекцыі і звычка выкладчыка бясконца эксплуатаваць зварот “таварышы”. Некаторыя лічылі – за добрую сотню перавалівала, здаралася, у межах сарака пяці хвілін. Канспекты вялі адзінкі. Універсальнага падручніка па дысцыпліне не было. Вось і тыражыраваліся рукапісныя “шпоры”, зробленыя з канспектаў. Экзамен выпаў у летнюю сесію. І калі выкладчык на свае вочы ўбачыў на экзамене ў студэнтаў “подручные средства”, быў у абсалютным непаразуменні: “Откуда шпаргалки? Входит девушка в коротенькой юбочке, лёгкой блузочке, парень в белой рубашке под ремень: где уж тут спрятать что-то недозволенное?..” Аднак факт застаецца фактам.

Нельга не сказаць і пра своеасаблівыя мізансцэны, якія назіралі, калі ў аўдыторыю заходзіў лектар Малінін. Чытаў курс рускай літаратуры канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў. Часам заходзіў у верхнім адзенні. Мабыць, спазняўся і не паспяваў распрануцца ў гардэробе. Міжвольна станавіліся гледачамі таго, як акуратна здымаў сваю апратку выкладчык, вешаў на спінку стула. Пасля даставаў з нагруднай кішэні пінжака невялічкую расчоску і таненькую – у адзін радок – шчотку для адзення. Усё гэта абавязкова выкарыстоўвалася, і толькі пасля такога рытуалу акуратны, дагледжаны, ружовы тварам наш шаноўны педагог пачынаў лекцыю. Цяпер можна было і слухаць, і запісваць. Матэрыял выкладаўся акуратна. Абыходзіліся вострыя моманты біяграфіі Буніна або Ясеніна, Горкага або Маякоўскага. Толькі ісці за думкай выкладчыка і паспяваць занатоўваць істотнае замінала адна дэталь: лектар пастаянна пакусваў вусны, асабліва ніжнюю, досыць яркую, пульхную, што адцягвала ўвагу ад зместавай сутнасці лекцыі.

Незвычайнай бачыцца асоба Ларысы Лявонцьеўны Кароткай. Заўсёды строга апранутая, невысокага росту, з добра пастаўленым голасам, яна літаральна з першых лекцый захапіла рускай старажытнай літаратурай. Умела суаднесці далёкую эпоху, яе яркія постаці з беларускай культурна-мастацкай сітуацыяй, лёгка пераходзячы з рускай мовы на беларускую, што было асабліва важна для тых, хто вучыўся на беларускім аддзяленні.

Ахвяруючы сваім часам, дазваляла студэнтам (па жаданні) здаваць на працягу семестра найбольш аб’ёмныя і складаныя тэмы. З абавязковай адзнакай. Свайго роду рэйтынгавая сістэма. Разумела, што сістэмная работа на працягу семестра давала больш грунтоўныя веды, у параўнанні з вядомай “штурмаўшчынай”, якой вызначалася “вучоба” ў адведзеныя чатыры (рэдка пяць) дні перад экзаменам. Студэнт тады кіраваўся адным: мабілізаваць увесь рэсурс памяці на фармальная запамінанне – абы здаць.


Злева направа: Сцяпан Александровіч, Уладзімір Навумовіч, Алег Лойка, Вячаслаў Каладзінскі, Тамара Нуждзіна, Любоў Ламека, Дзмітрый Бугаёў

Ведалі, што выкладчыца курыць. Рэдкая на той час з’ява ў жаночым асяроддзі: былі ў яе на тое свае прычыны. Толькі праз дзясяткі гадоў, што мінулі з той пары, калі трагічна было знішчана астрашыцкае падполле, арганізатарам якога была яна, маладзенькая настаўніца, напіша пра іх, юных удзельнікаў падполля. Відаць, боль, адчуванне ў нечым сваёй віны (не змагла ўберагчы тых хлапчукоў ад бяды) не давалі права гаварыць раней пра тую балючую старонку свайго жыцця. У нашых жа вачах Ларыса Лявонцьеўна была не толькі знаным педагогам, але і жанчынай-загадкай, жанчынай-легендай.

Напэўна, хтосьці прыгадае іншыя гісторыі, іншыя кур’ёзы, жарты… А ў цэлым жа будзе наша праўда, прамаўляць будзе наша памяць пра той такі далёкі і такі непаўторны філфак.