Дзьмухавец 15
ФІЛОЛАГУ АБ БІБЛІЯТЭЦЫ ЯЎХІМА КАРСКАГА
Эсэ Людмілы Сільновай












Людміла Данілаўна Сільнова, вядучы бібліёграф навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства,
Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Мінск, Беларусь; пісьменніца: паэт, перакладчык, крытык.

Выданні фалькларыстаў і этнографаў у кнігазборы «Бібліятэка Я. Ф. Карскага»

У чэрвені 1922 г. у фонды Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (НББ), якая тады толькі стваралася і часова мела састаўную назву «Беларуская дзяржаўная і ўніверсітэцкая бібліятэка» (да 1926 г.), паступіла былая прыватная бібліятэка акадэміка-філолага Я.Ф. Карскага. Гэта бібліятэка была перададзена вучоным яшчэ ў 1919 г. у новы, ствараемы адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (цяпер БДУ) – першую вышэйшую навучальную ўстанову на тэрыторыі Беларусі.

Так з навуковымі кніжнымі фондамі БДУ зліліся на першым этапе фонды першай дзяржаўнай бібліятэкі.

Яўхім Фёдаравіч Карскі (1861 – 1931) – рускі і беларускі філолаг-славіст, заснавальнік беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства, фалькларыст, этнограф. Ён - ураджэнец Беларусі, зямлі Гродзенскай, выпускнік Нежынскага гісторыка-філалагічнага інстытута (сёння Украіна), працаваў у Віленскай гімназіі (сёння Літва), Варшаўскім (сёння Польшча) і Санкт-Пецярбургскім, або Ленінградскім (сёння Расія), універсітэтах, быў акадэмікам і членам-карэспандэнтам Расійскай Акадэміі навук, а таксама шматгадовым рэдактарам філалагічных часопісаў. Найвялікшым дасягненнем беларусістыкі з'яўляецца яго фундаментальная навуковая праца «Беларусы» (у 3-х тамах, 7-мі выпусках), дагэтуль непераўзыдзеная ніводным сусветным славістам. Маючы вопыт рэктарства ў Варшаўскім універсітэце, у пачатку 1920-х гг. Я.Ф. Карскі ўзначальваў Камісію па стварэнні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

На сённяшні дзень бібліятэка акадэміка Я. Ф. Карскага налічвае каля 2500 калекцыйных адзінак: кнігі, часопісы, выразкі з навуковай перыёдыкі. На жаль, каля трэці адзінак гэтай філалагічнай бібліятэкі было страчана падчас Другой сусветнай вайны.


Калі падняцца ў высотнае кнігасховішча НББ і, прайшоўшы лабірынт калідораў, трапіць у запаветны сегмент са стэлажамі, што схаваныя за цяжкімі, амаль сейфавымі дзвярыма, можна ўбачыць наступную карціну. Амаль сон, з падарожжам у мінулае. Перад намі на стэлажах – выданні ў простых пераплётах, даволі зачытаныя, зацёртыя, старонкі са слядамі памет, падкрэсліванняў (розных часоў), з рознакаляровымі папяровымі закладкамі. Кнігі гэтай калекцыі ў апошнія дзесяцігоддзі актыўна заказваліся чытачамі, якія вывучалі актуальныя пытанні беларусазнаўства. У цэлым бібліятэка нашага патрыярха ад філалогіі Яўхіма Карскага мае характар папяровай «лабараторыі вучонага» і складаецца з навуковых манаграфій па філалогіі, падручнікаў і навучальных дапаможнікаў, слоўнікаў, фальклорных зборнікаў, мастацкай літаратуры, часопісаў і шматлікіх дробных асобных адбіткаў (выразак) навуковых артыкулаў, якія нагадваюць «прабіркі» з розным моўным «рэчывам».

Захаваўся і адзін з рукапісных каталогаў (№ 2) гэтай бібліятэкі-«лабараторыі», скрупулёзна складзены самім Карскім, прычым вельмі падрабязны, з пазначэннем кошту кожнай кнігі або іншага выдання (адзін з самых дарагіх па кошце – часопіс «Русский филологический вестник» Варшаўскага ўніверсітэта). На старонках рукаписнага каталогу зафіксавана і набыццё гаспадаром беларускіх выданняў рознага тыпу пачатку ХХ ст. (напрыклад, першыя выданні класікаў беларускай мастацкай літаратуры, газеты «Наша ніва»). Апошнія запісы абрываюцца на выданнях 1916 г. У час першай сусветнай вайны Карскі з сям'ёй вымушаны быў з'ехаць з акупаванай немцамі Варшавы. Магчыма, частка кніг з кнігазбору вучонага, згубілася ўжо тады (па версіі сучаснага гродзенскага даследчыка В. Шведа).

Сярод кніг сённяшняй афіцыйнай калекцыі «Бібліятэка Карскага» (з шырамі БК) мы знаходзім такія цікавыя выданні ўсходнеславянскіх фалькларыстаў і этнографаў як працы беларускіх даследчыкаў: Я.А. Ляцкі, П.У. Уладзіміраў, П.В. Шэйн, М.А. Янчук; або рускіх даследчыкаў: М.М. Беражкоў, С.К. Буліч, А.А. Весялоўскі, М.М. Вінаградаў, А.Д. Грыгор'еў, Д.К. Зяленін, У.Ф. Мілер, А.І. Сабалеўскі, А.М. Харузін; украінскіх даследчыкаў: М.П. Дашкевіч, А.М. Лабода, У.М. Ператц, М.Ф. Сумцоў, Ю.А. Яворскі і інш. Вось адзін з яркіх прыкладаў рэдкіх фальклорных выданняў у калекцыі Карскага: Григорьев, А.Д. Архангельские былины и исторические песни: в 3 т. – Москва; Санкт-Петербург: Императорская академия наук, 1904–1910. І ёсць, напрыклад, такія невялікія брашуры: Багрий, А.В. Древнерусское сказание о птицах. – Варшава, 1912; Владимиров, П.В. Происхождение «Руслана и Людмилы» А.С. Пушкина (1817–1820 гг.) – [Киев, 1895]; Вольтер, Э.А. О ятвягах. – [Санкт-Петербург, ок. 1906]; Миллер, В.Ф. Былины и исторические песни в качестве обрядовых. – Москва, 1912; Яворский, Ю.А. Новая гипотеза о происхождении т. наз. Грюнвальдской песни («Bogurodzicza dzewicza»). – Киев, 1907; і іншыя складнікі калекцыі.

У кнігазборы Я. Ф. Карскага захоўваюцца часткова асобныя выданні і самога ўладальніка, актыўнага збіральніка фальклору, асабліва ў маладыя гады (ад сваякоў, хатняй прыслугі, у час камандзіровак). Пасля ён захапіўся палеаграфічнымі доследамі, стварэннем дыялекталогіячных карт, педагагічнымі ідямі (што адбілася на рэпертуары яго бібліятэкі), шмат часу аддаў рэдактарскай рабоце - «Русскому филологическому вестнику». Прысутнічаюць у кнігазборы вучонага таксама праграмы па збіранні беларускага і рускага фальклору, этнаграфічных звестак.

Да 150-годдзя Я.Ф. Карскага НББ сумесна з беларускімі архівістамі ў канцы 2010 г. падрыхтавала і выпусціла электроннае выданне «Спадчына акадэміка Яўхіма Карскага». Працуючы з гэтым дыскам, можна падрабязней азнаёміцца з унікальным кнігазборам вучонага.



Частка кніг былой бібліятэкі Карскага ўжо алічбаваная нашымі супрацоўнікамі ( каля трэцяй часткі выданняў) і таму даступная наведвальнікам НББ і без заказу са сховішча, а таксама даступная (пры выкананні пэўных правілаў) аддаленаму карыстальніку.

Беражлівыя адносіны да гістарычнай спадчыны, у тым ліку фальклорнай і этнаграфічнай, як ніколі з'яўляюцца актуальнымі на сучасным этапе развіцця беларускага грамадства. Кнігі лучаць, яны раскрываюць багацце людскіх душаў, навуковых узаемін, спрыяюць развіццю чалавечай супольнасці.

Наведвайце Нацыянальную бібліятэку Беларусі - наш «Чароўны Крышталь», дзе сабраная і зберагаецца сакральная Веда наша.