Свабоднае дыханне паэзіі

Міхась Башлакоў — паэт і грамадзянін

Ад рэдакцыі
Рэдакцыя альманаха мела гонар прымаць у сябе вядомага беларускага паэта Міхася Башлакова. Мы пазнаёміліся з Міхасём Захаравічам выпадкова – на адным з паэтычных чытанняў, якія ладзіла бібліятэка імя Янкі Купалы, куды нас запрасіла не сама бібліятэка, а ўдзельніца, да таго ж аўтар нашага штогадовага зборніка «Фалькларыстычныя даследаванні». Паколькі бібліятэка была «пад бокам» і аўтар вельмі сімпатычны, то мы не вагаліся.
І вось, калі на фоне вершаў, звычайных па форме і зместу, прагучала палымяна-публістычнае слова Міхася Башлакова, мы зразумелі, што гэта такі паэт-грамадзянін, з якім трэба пазнаёміць студэнтаў-філолагаў праз «Дзьмухавец». Гэта не значыць, што філолагі не ведаюць Башлакова. Ведаюць. Але нам хацелася, каб Паэт сам звярнуўся менавіта да іх.
Вялікі дзякуй, Міхасю Захаравічу, ён адгукнуўся, але сустрэча адбылася амаль праз два гады: паэт выдаваў свой эпахальны зборнік і рыхтаваў новы. Было не да нас.

А мы пазнаёміліся з біяграфіяй, складаным жыццёвым шляхам паэта, а праз вершы і з яго роднымі мясцінамі.

Міхась Захаравіч Башлакоў нарадзіўся 27 красавіка 1951 года ў пасёлку Станцыя Церуха (цяпер вёска Баштан) Гомельскага раёна ў сям’і чыгуначніка. І вось што для яго Церуха:

Я паеду заўтра ў Церуху,
У мясцінанах родных пабываю,
Па знаёмых сцежках паблукаю,
Пагляджу на родную страху.

І хаця памерлі ўсе суседзі,
Аднагодкі з'ехалі кудысьці,
Пастаю, паслухаю, як вецер
Плача ад самоты ў жоўтым лісці.

І хаця не стрэну я знаёмых,
Паблукаю, пахаджу ля дома
Па сцяжынках выцвілага лета...
Я ўсё роўна ў Церуху паеду...

У 1968 годзе ён скончыў Грабаўскую сярэднюю школу і паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння вучобы ва ўніверсітэце (1973) настаўнічаў на Гомельшчыне і Браншчыне (1973–1985).

Ці ж ўсе выпускнікі настаўнічалі?

Працаваў карэспандэнтам-арганізатарам па Гомельскай вобласці ў Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў Беларусі (1985–1990). Мяркуем, што працаваў добра.

Пасля пераезду з сям’ёй у Мінск Міхась Захаравіч ужо вядучы рэдактар, галоўны метадыст у Арганізацыйна-метадычным цэнтры па падрыхтоўцы і выданні гісторыка-дакументальных хронік «Памяць» гарадоў і раёнаў Беларусі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь (1991–2005). Гэтымі выданнямі можна ганарыцца: чыталі, ведаем, асабліва часткі пра фальклор.

Удзельнік ліквідацыі (сэрца замірае!) вынікаў аварыі на ЧАЭС (1986). Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1983 года.

Выдатнік друку Беларусі (2005).

Міхась Захаравіч - аўтар кніг паэзіі з прыгожымі, цёплымі назвамі «Касавіца» (зборнік «Нашчадкі», 1979), «Начны паром» (1987), «Дні мае залатыя» (1993), «Як слёзы горкія Айчыны...» (1999), «Світальныя коні» (2001), «Віно адзінокіх» (2011), «Музыка нязваная» (2014), «Далеч вячэрняя» (вершы, паэмы, араторыя, 2017) і інш.

І ў многіх вершах топасы радзімы: не толькі Церуха, а Гомель, Чачэрск...

За горадам пасвяцца коні
На ўскрайку квяцістых лугоў.
У грывах заблытаўся Гомель
З таемным святлом ліхтароў...

У Чачэрску ля Чачоры
Каля Замкавай гары
Пракрычалі гусі ўчора
І зляцелі за бары...

Мне прыснілася зноў Навабеліца
І на вуліцы Сонечнай дом,
Дзе вясной цвет вішнёвы мяцеліцца
За маім адзінокім акном...

...Схмурнела далеч за бранскім лесам,
Грымяць грамніцы.
Я прыгадаю сваё Палессе
І звон крыніцы...

І яшчэ шмат пра Палессе, заркапад, бярозавую рунь, бусла, бакены, прыгарадны поезд, светлую восень, суніцы, шэрую чаплю, паромшчыка, шафёра, коцікі, рамонкі, слёзы кнігаўкі, гром па вясне, світальных коней, вячэрні бор, пяшчаную дарогу і даўнішнія сляды...

Пра ўсё, што дорага і люба беларусу.

І мы ніколькі не здзівіліся, што кніга паэзіі «Пяро зязюлі падніму» (2001) адзначана прэміяй Баяна (Расія, 2004). Значыць, паэт так перадаў подых беларускага, што закрануў душу рускага чалавека.

Кніга «Нетры» (разам з мастаком М. Барздыкам, 2004) упершыню ў гісторыі беларускай культуры ўвайшла ў лік «Ста лершых кніг свету» (Германія, 2005) – гэта нас уразіла надзвычайна!

І яшчэ: кніга «Палын. Чарнобыль» (на беларускай, рускай і англійскай мовах; разам з мастаком М. Барздыкам, 2005) на Міжнародным конкурсе ў Бельгіі была адзначана элітным залатым медалём (2006)!

Міхась Башлакоў - Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2009). Справядліва!

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2018). Мяркуем, што заслугоўвае і ордэн.

БЕЗ СУМЛЕННЯ НЯМА ПАЭТА

Дыялог паэта з абывацелем

              Абывацель
Нашто, паэт, ты смутак множыш,
Спакой ты песнямі трывожыш?..
Зноў пра Айчыну?..Пра народ?..
Як ні старайся — тоўсты лёд…
І ні прабіць яго ніколі…
У ролі строгага суддзі
Ты нас сурова не судзі —
На тое Божая ёсць воля…
Не тузайся і не бурчы,
А лепш, як многія, маўчы…

                  Паэт
Маўчаць, калі вакол ілгуць?..
Маўчаць, калі вакол крадуць?..
Маўчаць, калі ў душу плююць,
Калі Радзіму прадаюць?..

              Абывацель
Ты думаеш, што нешта зменіш
Сваім узвышаным радком?..
Калі пражыў хто на каленях,
То і памрэ, відаць, рабом…
Дый хто паэзію чытае?..
На вершы людзям напляваць…
Вось калі шайбу ты ганяеш
Ці раптам станеш ты спяваць,
Тады заслужыш ты павагу…
А так маўчы лепш, бедалага,
Маўчы, як рыба ў вадзе…

                  Паэт
А годнасць дзе?.. А гонар дзе?..
Сумленне ж недзе яшчэ ёсць…

              Абывацель
Але яно — як рэдкі госць…
Нікога боль твой не кране,
Нічога не даб’ешся, не…

                  Паэт
Прыніжаным бясконца быць?..
Ды гэтак нельга, нельга жыць!..

              Абывацель
Жыць так, каб ссеклі галаву?..
Лепш я з усімі паплыву —
Спакойней будзе, без турбот…

                  Паэт
А як Радзіма?.. Як народ?..

              Абывацель
А што народ?.. Ён не прастак,
Гульнуць і выпіць ён мастак…
У працы радасць ён знайшоў…
І што яму да ўсіх размоў?..
Яму твой клопат — як Парыж:
Хоць побач, а не паляціш…
Так і з паэзіяй, відаць, —
Да кніг народу не дапяць:
Не хопіць цэлага жыцця,
Няма ні ведаў, ні чуцця,
Не вучаць гэтаму у школе…
Пустое ўсё… Такая доля…

                  Паэт
Паэзія — навука сэрца…
Каб адчуваць і разумець,
Душу і талент трэба мець…
А недасведчаным здаецца —
Любы, хто вершык напісаў,
І ёсць паэт…
Ды смеху варта…
Паэзія — як вастрыё ляза,
Не пустазвонства і не жарты…
Паэзія — заўсёды лёс…
Калі інакш, тады забава…
Усё жыццё свой цягнеш воз
Не дзеля зменлівае славы,
А дзеля слова і радка…
Каб па-сапраўднаму цаніць,
Паэзіяй патрэбна жыць…

              Абывацель
О так, паэзія — не проза…
Тут трэба вытанчаны густ…
Не дапаможа нават Пруст…

                  Паэт
Паэзія — душы аснова…
Яна і музыка, і слова,
Яна ўзвышае чалавека,
Яна ад веку і да веку
Дапамагае людзям жыць…
А вы? Стаптаць яе?.. Забыць?..
Ах, заказалі ўжо імшу?..
Душу знішчаеце, душу…

              Абывацель
А што душа — як без граша?..
Яна не значыць ні шыша…
Жыццё умеем мы цаніць:
Галоўнае — шыкоўна жыць…

                  Паэт
Жыццё?.. Ды гэта ж існаванне…
Як шлях у восеньскім тумане…
Вы выйгралі тавар удачы?..
Вы страцілі сябе, няйначай…
І страты гэтыя гукнуцца…
Як да вытокаў нам вярнуцца,
Да мовы роднае, да слова?..
Душа, душа ўсяго аснова…
Для вас душа — нібы палова…
А да яе каб дарасці —
Як на Галгофу ўзысці…

              Абывацель
Ах, не палохай нас Галгофай…
Кідай складаць свае ты строфы…
Жыві і радуйся, дзівак,
І не шукай шчарбаты гляк…
Ці паўзуном, ці быць рабом —
Якая розніца — кругом
Усе, усе вось так жывуць
І не з мякінай хлеб ядуць…
А ты пра годнасць, пра народ…
Бліжэй народу дух балот,
Чым плынь шырокае ракі...
І што яму твае радкі?..
Што зменіш ты сваім пяром?..
Хто быў рабом — памрэ рабом…

                  Паэт
То не жыццё — калі рабом!..
Жыццё, увогуле, імгненне…
Крывіць душой?.. Жыць на каленях?..
Быць лепей бедным песняром,
Але мець чыстае сумленне…
Што мітусіцца задарма,
Калі ў цябе яго няма?..
Ці толькі ёсць на нейкі грош?..
То і паэт такі, як вош…
Сумленне — таленту падмурак,
Фундамент шчырае душы…
Сумленне ёсць — тады пішы,
А без сумлення ўсё — халтура…
Пішу — а значыцца жыву…
Мне без паэзіі не быць …
За вамі ўслед не паплыву…
Хай гарам жа яно гарыць
Такое вашае жыццё!..
Паэт на тое і паэт,
Каб песнямі здзіўляць сусвет…
Калі ж дух рабства вам бліжэй,
І быць рабамі весялей,
Жывіце так…
Вам лепш відаць…
А я пайду радкі складаць…

Паэзія – гэта маладосць. На жаль, да разумення такой простай высновы прыходзіш значна пазней, праз гады, калі бесклапотныя дні ўзнёслай маладосці разам з незабыўнымі шляхамі-дарогамі і вершаванымі радкамі, шчырымі, пранікнёнымі, непасрэднымі і часта наіўнымі, ужо не вярнуць. І хоць сталасць надае паэтычным радкам упэўненасць, майстэрства, прафесіяналізм, усё часцей адчуваеш, што якраз пачуцця юнацкага захаплення ці таго ж наіву тваім вершам яўна не хапае. Тонкае адчуванне рытму, музыкі, паэзіі ўласціва маладосці, бо менавіта маладыя (пакуль жыццё не перафарбавала іх з яркіх колераў у аднастайна-шэрыя) і рамантычныя, і натхнёныя, і рашучыя, з паэтычным поглядам на жыццё і з пастаянным імкненнем да навізны і арыгінальнасці. І невыпадкова вельмі многія маладыя людзі пішуць вершы, хаця не ўсе з іх здольныя абраць паэзію справай свайго жыцця. І не таму, што ў паэзіі, як і ў іншай форме творчага самавыяўлення, неабходна мець талент і адметнае мастацкае мысленне, а хутчэй за ўсё таму, што тут патрэбны сіла волі, упартасць і нават мужнасць. На гэтым шляху болей перашкод і няўдач, чым поспехаў і перамог.

Паэзія – гэта лёс. Жыць паэзіяй, захапляцца ёю, глядзець на свет праз прызму паэтычных адкрыццяў, знаходзіць у звычайным незвычайнае, тварыць, нягледзячы ні на якія жыццёвыя складанасці, дадзена не кожнаму. Можна пісаць вершы, друкаваць іх у газетах і часопісах, выдаваць кнігі, быць, нарэшце, членам Саюза пісьменнікаў – і не быць паэтам...

Паэзія і вершатворчасць розняцца між сабой гэтаксама, як вялікая рака і маленькі раўчук: і шырынёй, і глыбінёй, і, безумоўна, уражаннем. Паэзія – гэта моцная энергетыка, высокае напружанне душы. Гэта як азарэнне, як успышка бліскавіцы, як першае і непаўторнае каханне. Паэзія – гэта музыка, ад якой нязмушана набягаюць слёзы і так шчымліва на сэрцы. Пранікнёнасць, эмацыянальнасць, меладычнасць, інтанацыйнасць паэзіі – істотныя прыкметы яе сапраўднасці. Як сцвярджае наш сучаснік, выдатны рускі паэт Юрый Фатнеў, інтанацыя – багіня паэзіі. Яна – касцяк верша. Не думка, не ашаламляльныя вобразы і метафары, не звонкія, як падковы скакуна, рыфмы, а менавіта інтанацыя. Гэта тая сцяжынка, па якой хочацца безаглядна крочыць следам за аўтарам у краіну паэзіі. Няма інтанацыі, мелодыі, музыкі – няма душы, а значыць, няма і паэзіі...

«Паэзія думак больш даступна кожнаму, чым паэзія гукаў ці, лепей сказаць, паэзія паэзіі, – заўважыў адзін з самых тонкіх знаўцаў інтанацыі ў прозе Мікалай Васільевіч Гогаль. – Яе адзін толькі абраны, адзін сапраўдны ў душы паэт разумее...» І як бы ні стараліся некаторыя навукоўцы даводзіць, што традыцыйная, чытай – рыфмаваная, рытмізаваная і, перш за ўсё, інтанацыйная паэзія аджыла сваё, з гэтымі спрэчнымі і нават шкоднымі меркаваннямі дазволю сабе не пагадзіцца. Як не можа знікнуць, аджыць, растварыцца, пакуль жыве на свеце чалавек, ягоная душа, а значыць спрадвечнае імкненне чалавека да хараства, так не можа знікнуць музыка, мелодыя, інтанацыя, альбо паэзія.

Паэзія, як і душа, – катэгорыя вечнасці. І многія сучасныя нерыфмавана-сурагатныя, пазбаўленыя ўсялякай інтанацыі радкі так званых вершаў ніякага дачынення да паэзіі не маюць. Да вершатворчасці маюць, да паэзіі – не. Еўрапейская вершатворчасць пайшла ў асноўным шляхам верлібра, вольнага, нерыфмаванага верша, адмовіўшыся ад рыфмы, зладжанасці гучання, інтанацыі. І як вынік – страта чытача, страта цікавасці да паэзіі... Нехта запярэчыць: «А вершы антычных аўтараў? А “Слова аб палку Ігаравым”? А “Песня пра зубра” Міколы Гусоўскага? Хіба гэтыя творы рыфмаваныя?..»

Не ў рыфме справа, а ў пранікнёнай інтанацыі, у моцнай энергетыцы слова, у экспрэсіі, у рытме, нарэшце.

Тогда вступи Игорь князь в злат стремень

И поеха по чистому полю...

Якая крынічная, залатая, можна сказаць, інтанацыя ў гэтым славутым творы! Якая паэзія! Што ж тычыцца радковых сугуччаў, то недзе пачынаючы з эпохі Адраджэння амаль усе славутыя паэты Еўропы пісалі менавіта рыфмаваныя вершы. Нават такі актыўны праціўнік і разбуральнік сілаба-танічнага верша, як Уладзімір Маякоўскі, аддаваў рыфме належнае: «Без рыфмы верш рассыплецца. Рыфма вяртае нас да папярэдняга радка, прымушае згадаць яго, прымушае ўсе радкі трымацца разам». А ўсходнеславянскі верш увогуле заўсёды быў моцным перш за ўсё ў рамках народна-песеннай традыцыі. І, слава Богу, пакуль жыве...

Падмена ж паняццяў вядзе да разбурэння традыцыі, да разбурэння класічнага верша. Нельга выдаваць за паэзію яе імітацыю ці проста нейкі славесны абсурд, калі любы і кожны спакойна, нібы разгадваючы красворды, складае свае радкі, рыфмуючы іх ці не рыфмуючы, разважае ці спрабуе разважаць, ставячы на першае месца няпэўныя думкі, звышарыгінальныя вобразы і параўнанні, забываючы ці не ведаючы пры гэтым пра самае важнае, як у паэзіі, так і ў прозе, – пра пачуццё, пра эмацыянальнасць радка і, безумоўна, пра інтанацыю. І ўся гэта пісаніна выдаецца (без усялякіх прытым сумненняў) за паэзію... Але ў лепшым выпадку – гэта звычайная вершатворчасць, у горшым – літаратурная эквілібрыстыка. Жангліраванне думкамі, словамі, вобразамі – не ёсць паэзія. Памятаеце, у класіка: «Стишок писнуть, пожалуй, всякий может...»?

Але паэзія – гэта калі ты амаль увесь сыходзіш крывёю, калі ты аддаеш усю сваю энергію, што ў цябе ёсць, – чыстаму аркушу паперы. Сапраўдная паэзія – гэта вялікая адказнасць перад словам, часам, перад сабой. Без чаго не бывае сапраўднай паэзіі? Без сумлення, у першую чаргу, без пазіцыі. Няма сумлення – няма паэта. Няма жыццёвай пазіцыі – няма паэта. І, безумоўна, без таленту. Але калі таленавіты паэт пачынае ў жыцці і ў сваёй творчасці віхляць, падрабляцца, прагінацца – грош яму цана... Быць чалавекам, заставацца самім сабой, заставацца чэсным, праўдзівым – гэта непарушнае правіла для кожнага сумленнага паэта. Вядома, жыццё і розныя абставіны даволі часта ставяць творцу ў такія ўмовы, каб ён схлусіў, нячэсна паступіў, каб ён здрадзіў сабе, сваёй душы, сваім прынцыпам. Але паэт не мае права на такую прывілею – мімікрыраваць і быць хамелеонам... Ён абавязаны быць незалежна ад абставін шчырым, сумленным, праўдзівым, бескампрамісным. Інакш тады ён проста не паэт...

Без сумлення няма паэта...
Калі Бог табе талент даў,
Трэба помніць заўжды пра гэта,
Бо паэзія не для забаў...

І метафары ўсе, і рыфмы
Не крануць сваёй навізной,
Калі хібы душы, як рыфы,
Недзе бачацца за страфой...

У паэзіі слоў няшчырых
Не бывае... Не можа быць!..
Кожны гук у нябеснай ліры,
Як аголены нерв, крычыць...

І хай лірык ты летуценны --
Ты адказны за кожны крок...
Будзь, радок мой, заўжды сумленны,
Будзь праўдзівы, прашу, радок...

г. Мінск
10.01.2019

Міхась Башлакоў,
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі
Рэспублікі Беларусь

                  ***
Як цяжка быць паэтам
З сумленнаю душой
І жыць у брудзе гэтым
І ў пошласці такой?..

Ні годнасці, ні праўды,
Ні сораму ў душы…
Адно: капаюць грады
У дачнае цішы…

Вякамі — без прасвету…
Аддушына — віно…
Твары, Шэкспір, санеты,
А ім — усё адно…

Што ім радкі жывыя
І боль твой, і журба?..
Жывуць з ярмом Батыя
І логікай раба…

                  ***
Спыніце інтэрвенцыю —
Духоўны заняпад…
Няма інтэлігенцыі —
Замест яе фасад,

Падноўлены для віду…
А што там унутры?
Разбітае карыта…
Мы коцімся з гары…

Хаця каціцца некуды —
Над безданню стаім…
Жывём даўно як рэкруты:
Што б ні было — маўчым…

На кухні мы — героі,
На кухні мы — байцы…
Аб чым і што мы мроім,
Маўклівасці тварцы?..

Мы страцілі традыцыі,
А значыць, і сябе…
Душой і духам нічыя,
У скрусе і журбе…

Дзе слова наша роднае?
Аднеслі на пагост?..
Бяспомныя, бязродныя —
Відаць, такі наш лёс…

Ці статак мы?.. Ці нацыя?..
І Богу не рашыць…
Навошта нараджацца,
Каб так ганебна жыць?..

                  ***
Лепш паўтарыцца, чым змаўчаць,
Калі святыні хамы рушаць…
Патрэбна нам насмерць стаяць —
Яны ж руйнуць нашы душы…

А мы без бою усё здалі,
А мы — адступнікі ад веры,
Айчыну , мову прадалі,
Мы расчынілі насцеж дзверы —

Ідзіце ўсе, бярыце нас,
На скібы мажце нашы душы…
О гэты горкі здрадны час!..
О гэта наша крывадушша!..

Ах, як баімся мы ўсяго
Баімся думак, слоў нясмелых…
А скажа хто — ату яго,
Хоць ён зусім не Кампанела…

О гэта рабства нашых дзён!..
Няўжо не скончыцца ніколі
Ганебны час – пачварны сон?..
Ці дачакаемся мы волі?..

Мы янычары ўжо даўно:
Таптаць сваё, знішчаць без жалю…
Жыцця жахлівае кіно —
Мы з радасцю святыні палім…

Звярыны і бязлікі люд,
Ты маеш вопыт рушыць храмы…
Але ён будзе, Божы суд,
Суд над бяздушным, жорсткім хамам…

              Каля крыжа
Спынюся, памалюся
За вёскай, каля крыжа,
На шлях свой азірнуся —
Далёка да Парыжа…

Ды і Парыж не збавіць:
Каму патрэбна слова?..
Хацеў Айчыну славіць,
Даўно няма той мовы, —

Што продкі разумелі,
Любілі, шанавалі…
Куды ж яе падзелі?..
Куды яе саслалі?..

Бяздумныя вы людзі,
Няшчасныя манкурты,
Вам славы не прыбудзе…
Гудзе тэатр абсурду…

Парушылі устоі —
Ні праўды, ні сумлення…
Лячыся ад запою,
Грамадства ашалення…

Вярніце маю мову…
За што яе дратуюць?..
Шапчу малітвы словы —
Гасподзь, відаць, не чуе…