Да 100-годдзя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
Алена Напорка
ЗАБЫТЫЯ ПРЫВІДЫ МРОЯЎ…
Алена Напорка
Далёкія 60-ыя гады. Першы курс філалагічнага факультэта БДУ імя У. І. Леніна. Студэнцкі інтэрнат на вуліцы Свярдлова, 34. Заняткі, лекцыі, семінары, кнігі, захапленне паэзіяй. Аднакурснікі. Сярод дзяўчат Дана Усаевіч.
Акрамя вучобы, ёсць яшчэ і лыжная секцыя. Бясконцыя кросы ў парку Горкага, трэніроўкі ў спартыўнай зале ў будынку філфака на вуліцы Чырвонаармейскай. Удзел у спаборніцтвах. Наш незабыўны трэнер Васіль Васільевіч, або па-свойску Вась-Вась. Там мы зблізіліся і пасябравалі з Данай. І амаль заўсёды побач з Данай быў Вадзім, закаханы ў яе студэнт-хімік.
Заканчэнне вучобы, размеркаванне. Маладая сям“я атрымала накіраванне ў горад вялікай хіміі Светлагорск, былыя Шацілкі.
Час бяжыць хутка. Выпадковая сустрэча ў Мінску ў Палацы МТЗ. На сцэне выступоўца. Чую знаёмае прозвішча: Болбас Вадзім. Пазналі адзін аднаго.
- Ну як вы? Як Дана? Як дзеці? - У нас усё добра. Дана працавала спачатку ў сельскай школе, затым у Светлагорску. Юнацкае захапленне спортам і турызмам прывяло яе ў Дом піянераў. Там яна займалася з дзецьмі, вяла турыстычную секцыю, пазней гурток мяккай цацкі. У нас двое сыноў — Раман і Юрый. Я працую інжынерам. Пішу вершы. Захапляюся турызмам, падарожжамі.
На развітанне Вадзім падарыў мне свой зборнік «Забытыя прывіды мрояў», выдадзены ў 2004 годзе. Апошні верш мяне асабліва ўразіў — у ім увесь Вадзім. Прывяду яго цалкам:
              БАЛЯДА МАЛАДОСЦІ
                              Той, каго любяць багі, памірае маладым
                                                                  (антычная прымаўка).
Са шчырым зьдзіўленьнем знаёмы пытае:
– Чаму ты, стары, маладым выглядаеш?
З усьмешкай яму называю прычыну:
– Калісьці мяне пакахалі Багіні!
Ўлюбёнец багоў маладым памірае,
Багіня ж свайму – маладосьць захавае.
Багіні – жанчыны, яны міласэрны,
Ім любы жывым, юным, дужым патрэбны.
Калі апануюць турботы, трывогі,
Іду пад апеку Багіні-Дарогі:
Абліччаў яе не зьлічыць і не зьведаць,
А хочацца сьцежкі-дарогі разьведаць.
Шырокі асфальт, серабрыстыя рэйкі,
Лясныя сьцяжынкі, празрыстыя рэчкі.
Я сёньня «з вагоннай пляцоўкі зьвісаю»,*
А заўтра ўжо крук у скалу забіваю.
Па сьнезе шыбую лыжнёй пакручастай.
На цёплых пярынах начую ня часта.
Мне сумна, няўтульна у горадзе цесным.
Ля вогнішч у лесе гучаць мае песьні.
І так закалыша Багіня-Дарога –
Здаецца, да скону зусім мне нямнога.
Такія гарачыя зь ёю мілосьці,
Што скура адна засталася ды косьці…
Каханка-Дарога жывым адпускае.
Багіня-Жанчына мяне сустракае.
Пяшчотна абдыме мужчыну-бадзягу,
Сагрэе, натоліць і голад, і смагу.
Пасьля… замілуе ушчэнт, да зьнямогі,
Не менш, а мацней, чым Багіня-Дарога.
Ў абдымках яе, ледзь жывы, заціхаю.
Са словам адзіным на вуснах: «Кахаю…»
Дарога, Жанчына – жыцьця асалода!
Але над усімі Багіня-Свабода!
З маленства у сэрцы маім панавала,
Упэўненасьць, сілу, рашучасьць давала.
Пад ёйнай апекай заўсёды я вольны!
Як вецер імклівы, чым ветразь мой поўны.
Ў абдымках каханай, на цяжкай дарозе,
У працы, у сьне, у халодным астрозе!
Вось так і жыву, малады і здаровы,
Не плачу, не гнуся у час наш суровы.
Бяда і нядоля мяне абыходзяць,
Ні сьцюжа, ні сьпёка – нішто мне не шкодзіць.
Да скону я буду такім заставацца!
Па сьвеце блукаць, на Жанчын заглядацца!
Мой розум не згасьне, і кроў не астыне!
Такім і сыйду у абдымкі Багіні!
              * Радок зь верша А. Вазьнясенскага «Восень у Сігулдзе».
Навелы, вершы, паэтычныя пераклады польскіх паэтаў, А. Блока, Э. Багрыцкага, Ю. Візбара… Калі толькі Вадзім паспявае?
Праз сем гадоў, у 2016 годзе, зноў нечаканы званок. Вадзім паведамляў, што ў лютым у знакамітай «Галерэі Ў» адбудзецца прэзентацыя яго новай кнігі і ён запрашае аднакурснікаў Даны. Стэлефанаваліся. На сустрэчу прыйшлі мінчане. Усе тыя, хто памятаў Дану ці сябраваў з ёю: Маша Кулеш, Зоя Літвінава, Лена Напорка, Зоя і Генадзь Дзмітрыевы, Рыма Бурдзілава, Соня Цырман, Валя Шэпялевіч… Прыйшлі і аднакурснікі Вадзіма.
Доўгачаканая сустрэча з Данай, былой заўзятай лыжніцай, турысткай (крыху пасівела), з сябрамі (а мы якія?), з Вадзімам - вопытным паважаным інжынерам-хімікам (як гэта далёка ад філалогіі!), але… Але ж таксама паэтам, перакладчыкам, пісьменнікам… Ці ўсе філолагі сталі імі?
Вадзім пазнаёміў са сваёй кнігай. «Футбол з шайбай». Дзіўная назва. Што там? Настальгічныя ўспаміны, замалёўкі колішняга студэнцкага жыцця. Дана чытала вершы польскіх паэтаў, а Вадзім іх пераклады на беларускую мову.
Дарэчы, менавіта дзякуючы ёй, сваёй жонцы-філалагіні, Вадзім захапіўся творчасцю сусветна вядомага польскага паэта Канстанты Ільдэфанса Галчыньскага, пачаў перакладаць яго творы… У падораным мне зборніку разам падаюцца і арыгінальныя тэксты на польскай мове, і пераклады Вадзіма.
На вечарыне выступіў паэт і бард Эдуард Акулін. Аднакурснік Вадзіма спяваў песні нашай маладосці. Цёпла і пранікнёна падзякавала за цудоўную вечарыну Рыма Бурдзілава, падараваўшы Вадзіму ад імя філолагаў аўтаручку - «для натхнення і каб лёгка пісалася».
Што казаць, мы ўсе міжволі перанесліся ў «маладыя гады, маладыя жаданні», у той незабыўны шчаслівы час вучобы ў БДУ, час, калі сустрэліся Вадзім Болбас і Дана Усаевіч. Яны поруч прайшлі па жыцці, а наша Дана была Вадзіму каханай, жонкай, памочніцай, паплечніцай, натхняльніцай, маці двух сыноў, працаўніцай і гаспадыняй (як жа без гэтага!). Мы яшчэ доўга абмяркоўвалі сустрэчу і радаваліся за нашу аднакурсніцу.
Напрыканцы хацелася б шчыра пажадаць цяперашнім маладым людзям, каб ім пашчасціла ў жыцці так, як пашчасціла Вадзіму і Дане, - пашанцавала сустрэць на сваім шляху чалавека, з якім ні на хвіліну немагчыма расстацца, карацей кажучы, сустрэць каханне на ўсё жыццё.
Вадзім Болбас. Мы з Данай хто?
Пара закаханых рамантыкаў? Дружная сям я? Спартова-турысцкая каманда?
Відаць, усяго пералічанага пакрыху.
Мы – гэта аўтар допісу Вадзім Болбас і мая жонка Данута (Ганна Данута Тэрэза Усаевіч – поўнае імя па хросту). Мы абое выпускнікі БДУ 1965 году. Я – хімік, Данута – філалагіня-русіст.
У шлюбе хутка 57 год. Два сыны, унук, унучка, два праўнукі.
Крыху пра сябе. Нарадзіўся ў 1942-м годзе на Бабруйшчыне. Цьмяна памятаю асобныя эпізоды ваеннага часу: «Гараць хаткі», вочы разьядае дым, ...перагароджаная на дзьве палавінкі дошкаю сялянская хата. На адной палове, засланай саломаю, сьпяць нямецкія жаўнеры. На другой месьцімся мы – бежанцы з Казакова і гаспадары хаты. Гэта вёска Продзьвін, што цяпер на трасе Парычы – Бабруйск. У той час мне пашчасьціла двойчы: нямецкі афіцэр-эсэсавец адмяніў расстрэл усіх нас казакоўцаў. Гэта ведаю па расповядах дарослых. Другі раз выжыў пасьля прышчэпкі воспы неаслабленай вакцынай нямецкім лекарам. Гэта распавялі, калі падрос, маці і бабуля. Сляды той прышчэпкі бачны й цяпер.
У нашай хаце настаўніцы і дробнага службоўца, што жывым вярнуўся з вайны, зьявіўся адзіны ў вёсцы батарэйны радыёпрыймач. І мне, малому, дазвалялася яго слухаць.
Аднойчы гучыць з той прылады добра пастаўлены жаночы голас. Чытае верш: «Сялянская хата стаяла над сьветлай ракою...». Гэтыя прачулыя радкі так мяне расчулілі, што я расплакаўся ў маці на каленях і доўга ня мог супакоіцца. І ня мог адказаць, каго з загінулых ад нямецкіх мін мне шкада болей: аратага, яго жонку Агату ці іх малую дачушку-сіротку. Гэтак я адчуў магутную сілу сапраўднай паэзіі.
З перадачаў па прыймачу і пачалося маё назапашваньне ведаў пра ўсё на Сьвеце, інтэлектуальнае разьвіцьцё асобы.
Хата ў сотні метраў ад сапраўднага лесу; елкі і дубы па дваццаць метраў, грабы, клёны, бярозы, вольхі, шмат арэшніку.
Школка ў суседніх Кабылічах, пазьней пераназваных у Вішнёўку. Спачатку чатыры, пасьля сем клясаў. Месьціцца ў былым доме паноў Волк-Леановічаў. Не апошні ў Беларусі шляхецкі род. Тут і вучыўся, закончыў сямігодку ў 1956 годзе. Далей школа № 16 у Бабруйску на Бярэзінскім Фарштаце. Дырэктар Фёдар Львовіч Яўменаў, выкладаючы нам хімію, прышчапіў цікавасьць і любоў да гэтай навукі. Гэта й вызначыла ў далейшым сьвядомы выбар прафесіі, пасьля няўдалай спробы вывучыцца на інжынера- гідратэхніка ў Горках у БСХА.
Чытаў шмат, запоем яшчэ ў сямігодцы: казкі, болей эпасы. У бабруйскай школе перачытаў усё, што было ў бібліятэках па астраноміі. Дэтэктывы тых часоў надакучылі хутка, недзе ў восьмым класе. Прыгоды, фантастыка: Янка Маўр, Майн Рыд, Фенімор Купер. З паэзіі найперш Якуб Колас і Янка Купала. З рускай – Лермантаў. Пушкін неяк не ўпадабаўся. Пазьней – Ясенін і, нарэшце, Блок. Гэта ўжо ў вну.
Маленькая дысідэнтка
У вадзяным млыне дзеда Віталіса Стальчынскага холадна. Мужчыны, што прывезьлі змалоць сваё збожжа, зайшлі пагрэцца, а заадно і перакусіць у мельніцкую хату. Канец 1945 года, у Заходняй Беларусі хутка ўсталёўваюцца савецкія парадкі. Імя Сталіна ня толькі на слыху, але й на языках. Не абмінаюць у гутарцы правадыра і памольшчыкі. І словамі, мякка кажучы, нядобрымі.
На малую Ганку-Дануську не зважаюць – дзіця, што яно разумее. А дзяўчынка кемлівая, ды й маці-настаўніца малую шмат чаму вучыць, і ня толькі жаночай сялянсакай працы.
Вялікія мужчыны кажуць – Сталін кепскі. А яго партрэты ж на кожнай газеце, што выпісвае мама. І вучыла, што дарослым трэба верыць і слухцца. А людзі кепскія вартыя таго, каб ім таксама рабіць хоць нешта нядобрае... Бярэ малая газету, выразае ножніцамі партрэт нядобрага Сталіна. Са зваранай для сьвіней бульбы ў муньдзірах робіць клей, старанна намазвае з другога боку сталінскі партрэт, нясе ў прыбіральню, што за хлевам, і прыклейвае знутры.
Малая ня ведае: калі б гэта ўбачыў нехта з начальства або нейкі нядобразычлівец начальству данёс, то самае малое – усю сям’ю выслалі б некуды ў халодную Сібір, а дарослых мужчынаў і маму-настаўніцу маглі б нават расстраляць.
Першы з дарослых хуценька зьняў партрэт, строга загадаў дзіцяці нічога пра гэта нідзе не казаць. Ніхто чужы такой праявы «экстрэмізму» ня ўбачыў. Самай цяжкой карай была, відаць, лупцоўка «дысідэнткі», але яна гэтага ня памятае. Відаць лупцавалі ня надта.
Гэта распавяла мне Дана, калі мы, пазнаёміўшыся на нейкім універсітэцкім вечары, закхаўшыся, пачалі сустракацца ці ня кожны дзень. Згадвала і болей раньнія – ваенныя – падзеі. Начныя налёты бандытаў-рабаўнікоў, якія называлі сябе партызанамі. Асабліва яскравым быў такі аповед. Неяк уначы прыйшла група узброеных мужчынаў, пазабірала ў людзей свойскую жывёлу, у асноўным сьвіней. Туды трапіла і жывёліна дзеда Віталіса. А назаўтра ўдзень прыйшоў партызанскі атрад і камандзір, сабраўшы сялян, сказаў: «Запрагайце вазы і едзьце, забярыце сваіх сьвіней, тых «партызанаў» мы разьбілі. Незваў мясьціну, дзе тыя сьвіньні. Паехаў дзед і забраў сваю абсмаленую з аднога боку сьвіньню.
А сьвінская гэта гісторыя мела працяг. Праз некалькі гадоў спатрэбілася дзеду нейкая паперчына ад раённага начальства. Прыйшоў да патрэбнага чыноўніка, а той глядзіць на аднаногага мельніка, ды й кажа: «А Стальчынскі, такую тваю маць, гэта ты маю сьвіньню зьеў!» І такіх Саветы ставілі начальнікамі над заходнебеларускім людам.
Каханьне, вучоба, спорт, літаратура
З Даны яе аднакурсьнікі зьлёгку кпілі, маўляў, знайшла сабе нейкага піянера – я на пару гадоў маладзейшы.
Прывёў сваю дзяўчыну першы раз у пакой да сваіх хлопцаў-хімікаў знаёміцца. А яны якраз выпіваюць. Для дамы адразу знайшлася шклянка і нават відэлец, самі мы елі абы чым. А дама ад выпіўкі адмовілася: «Хлопцы, я на рэжыме, трэніруюся, таму не п’ю зусім». Мае хлопцы паставіліся да адмовы спакойна, нават з гумарам: «Ня п’еш і ня трэба, нам болей будзе!» Дануце такая рэакцыя спадабалася надта: «Якія малайцы твае хімікі! Ня тое, што нашыя філолагі... ты ня п’еш, і я ня буду... ты мяне не паважаеш... ну і так далей».
Дана тады ўжо была адной з лепшых ва ўніверсітэце лыжніц. А я – даволі пасрэдным фехтавальшчыкам. Да лыжнікаў далучыўся пазьней, вядома ж ня без уплыву каханай.
Я бязьмерна ўдзячны будучай жонцы за тое, што яна паціху адцягнула маю ўвагу ад частых студэнцкіх выпівак, зь ёю было і цікавей, і ўтульней. Мы нават заняліся сумеснай літаратурнай працай.
Ведаючы мае сымпатыі да паэзіі Аляксандра Блока, Дана ўзяла тэму курсавой работы па творчасьці гэтага паэта. Кажа: «Ты ж добра ведаеш паэзію Блока. А я ўзяла тэмаю курсавой працы “Алітэрацыі і асанансы ў лірычнай пазэіі Блока”. Ці ня можаш ты выбраць прыклады з яго вершаў?» – «Патлумач, што гэта такое, я ж хімік. Ня ведаю». Патлумачыла, я выбраў цэлы стос цытатаў. Курсавая была пасьпяхова залічана.
У 1963-м годзе група студэнтаў БДУ, філолагаў і хімікаў, маімі клопатамі паехалі на канікулах у Крым на сельгасработы. Там мы, студэнты, ладзілі і культурныя імпрэзы. Асабліва спадабаліся вершы здольнага паэта-журналіста Юры Сапажкова. Там мы з ім і пазнаёміліся, сустракаліся і пазьней у інтэрнаце на вул. Свярдлова, чыталі і абмяркоўвалі вершы свае і другіх паэтаў. Я таксама чытаў вершы, не свае, зразумела, а вывучаныя: Блок, Ясенін. Багрыцкі, Лермантаў, Багдановіч, П. Трус...
А вясною 1964 года мы сталі мужам і жонкаю. Вясельле ладзілі ў «ленінскім пакоі» інтэрната. Было весела, ну, як і трэба на вясельлі! Коркамі з пляшак шампанскага імкнуліся пацэліць у лысіну тагачаснага кіраўніка СССР Мікіты Хрушчова на яго партрэце.
Увосень 1965 года нарадзіўся наш старэйшы сынок Уладзік. Я тады рыхтаваўся абараняць дыплёмную працу, а Дана працавала па разьмеркаваньню ў школе вёскі Здудзічы на Сьветлагоршчыне. Абараніў я свой дыплём у канцы сьнежня, а 10 студзеня мяне, бацьку месячнага дзіцяці, забралі ў Савецкую армію.
Сярэдні танк – рабочы стол літаратара-пачаткоўца
(дакладней баявое аддзяленьне танка)
Усе, мае нежанатыя і бяздзетныя аднакурснікі у войска забраныя не былі. Я – у шыхт, жонка з паўтарамесячным малым – на працу ў Здудзічы. Пра нейкую сацыяльную справядлівасьць, клопат пра маладую сям’ю гаварыць было сьмешна. Таму пасьля таго 1966 года дата 23 лютага ніколі не была сьвятам. У гэты дзень я жыву з бэджам «Не сьвяткую, віншаваньняў не прымаю»!
Але ж там, пры ўсёй камічнасьці вайсковай службы, была магчымасьць і да творчасьці. Жаўнер па шматвекавому парадку не павінен заставацца без справы. Таму нас час ад часу засылалі ў танкавы парк падтрымліваць чысьціню баявых машын. Там ты каля танка адзін.
Забіраўся я ў баявы адсек, адчыняў люк праз які трапляла сьвятло, даставаў загадзя прыхоплены нататнік і рабіў патрэбныя запісы, накідкі будучых навэл, эсэ. Любата, галава вольная, ніхто не стаіць над душой. І так часьцяком ад сьняданку да абеду. Такім чынам былі напісаныя пара навэл, што ўвайшлі ў маю першую кнігу «Забытыя прывіды мрояў», навэла «Шчырасьць», з якой пачынаецца кніга. Пазьней тэксты былі дапрацаваныя.
Лепшая чытальная зала – пост №1
Чытаньне – здаўна ўлюбёны занятак! Але ж у войску часу на гэта не прадугледжана. Шукаў любую магчымасьць, выкарыстоўваў кожную хвіліну. А чаму б не чытаць на пасту падчас варты (каравулу). Найбольш прыдатнымі сталі начныя варты пры сьцягу часьці – гэта і ёсьць у кожным вайсковым падраздзяленні пост № 1. Сьцяг у празрыстым футарале, добра асьветлены. Ноччу ва ўсім памяшканьні штаба – толькі двое, ты – вартавы і дзяжурны па часці афіцэр. Ён у другім, сьпецыяльным памяшканьні ў другім канцы калідора, за дзьвумя дзьвярамі. Калі і захоча выйсьці, то дзьверы ляпнуць двойчы, а ты пасьпееш схавать кнігу ў глыбокую кішэню шынэля ў зімовы перыяд ці штаноў – у летні. Таму й прасіўся у камандзіраў на гэты пост. Мне – шарагоўцу без парушэньняў дысцыпліны ў гэтым не адмаўлялі.
З прачытаных такім чынам кніг асабліва запомніўся цудоўны раман ленінградскай пісьменьніцы-фантасткі Вольгі Ларыёнавай «Леапард з вяршыні Кіліманджара».
У роце скарочанага складу (кадраванай) хлопцы падабраліся неблагія, атмасфера таварыская. Толькі надта ўжо брыдкасловілі, асабліва ўральцы. Тады й прыйшла думка сабраць групу і адмовіцца ад нецэнзурнай лексікі наагул. Такіх набралася каля дзясяці. Распрацавалі статут, устанавілі штраф у адну капейку за кожны мат, абралі «скарбніка». Пратрымаліся да дэмбеля толькі двое: я і менчук Барыс, выпускнік БТІ. Ня ведаю, як ён, а я не ўжываю гэтай лексікі да гэтага часу. Лічу, што і беларуская, і руская мовы настолькі лесычна багатыя, што дазваляюць выказць любыя эмоцыі.
Ды ўсё на гэтым сьвеце калісьці заканчваецца. Закончыўся і мой год у войску. За гэты час Дана з малым сынам двойчы мяне наведвала, камандзіры ў такіх выпадках давалі звальненьні сутак на двое.
Вярнуўся ў Менск, уладкавацца там не ўдалося. Затое, згодна размеркаваньню, на сьветлагорскім ВА «Хімвалакно» хіміка, што адслужыў, маладога, спартыўнага, накіравалі ў адзін з самых складаных і шкодных цэхаў. Не адмаўляўся, плацілі на пасадзе зьменнага майстра па тых часах някепска.
На хімвалакне працаваў болей за дваццаць гадоў, затым у экалягічнай лабараторыі на сьветлагорскай ЦЭЦ. З 2001 года – пенсіянер.
Пераклады К. І. Галчыньскага, навэлы для перыёдыкі...
Шукайце жанчыну...
Неяк у кнігарні пабачыў і набыў кнігу выбраных вершаў К. І. Галчыньскага – цудоўнага польскага паэта ў перакладах на рускую мову. Дана пра гэта напісала ў Польшчу сваёй стрыечнай сястры Ірэне – прафэсарцы універсітэта ў Ольштыне. Ірэна прыслала томік вершаў упадабанага мною паэта ў арыгінале.
Пачаў паціху ўчытвацца ў польскамоўныя вершы. Часам зразумець асобныя польскія выразы дапамагала Дана. Яна польскую ведала з дзяцінства. Чытаючы вершы ў арыгінале, заўважыў, што рускія пераклады асобных вершаў, мякка кажучы, недакладныя. І падумалася: чаму б не паспрабаваць перакласьці гэтыя цудоўныя творы на беларускую мову. Паспрабаваў, падалося – атрымалася. Мала памалу назьбіралася добрая нізка перакладаў: «Альштынская Хроніка», Жнівень», «Дзікі вінаград», асобныя вершы.
Такім чынам, да гэтай працы спрычыніліся аж дзьве жанчыны: Дана і Ірэна. А тут распаўся СССР, зьявілася магчымасьць паехаць у Польшчу да Ірэны па яе запрашэньні. Паехалі. Першы раз за мяжою, у іншай дзяржаве. І ў цягніках ніхто да цябе не чэпіцца, не пытае, хто ты, адкуль, чаго прыехаў. Ніякай паліцыі і КДБ. Людзі добразычлівыя, усьмешлівыя. Моўных праблемаў няма, разумеюць і «віленскую» польскую Даны, ды й маю беларускую таксама. Некалькі чалавек падрабязна патлумачылі нам, як рацынальней дабрацца з Кузьніцы да Ольштына па чыгунцы. А ў Польшчы тады – цяжкая эканамічная сітуацыя, толькі зрынуты камуністычны рэжым, дэмакратычны лад і рынкавая эканоміка яшчэ не пасьпелі трывала ўсталявацца. Фермеры гандлююць сваёй прадукцыяй проста на вуліцах. Вялікія піраміды рыбы розных памераў і відаў ляжаць проста на брукаванцы. Бедна з адзеньнем. На рынку, пад які адведзены стадыён, многа гандляроў з былога СССР.
З сабою я прыхапіў ладны стос перакладаў на беларускую мову вершаў К.І. Галчыньскага. Узьнікла жаданьне паехаць у лесьнічоўку «Пране» – там Паэт напісаў свае ці не лепшыя лірычныя вершы. Ірэна з сястрою Галінай патлумачылі, на якім цягніку ехаць, дзе сыйсьці. А там па турысцкай мапе-схеме.
Турызм – горы, вада. Пілігрымкі
Першы год жыцьця ў Сьветлагорску займаліся бытавымі клопатамі. А далей і захапленьнямі: Дана-лыжніца адразу стала лепшай у горадзе і навакольлі. Я таксама далучыўся, хоць пасьля аварыі ў цэху – тры месяцы нерухомасьці; хадзіць вучыўся нанова.
А з 1972 г. уцягнуліся ў спартовы турызм, штолета, калі давалі адпачынак, – у горы. Заходні і цэнтральны Каўказ патапталі добра, я дабіраўся і да Паміра. А Дана перайшла на працу ў тагачасны Дом піянераў і вяла там турысцкі гурток. Я пры Хімвалакне арганізаваў клюб горных турыстаў «Крокус». Агулам звадзілі ў горы каля пяцідзясяці чалавек.
У 1970-м годзе у нас нарадзіўся другі сын. Калі хлопцы падрасьлі, то і на лыжах стаялі няблага і ў горы абодва схадзілі, і не адзін раз.
А калі ў 1992-м годзе распаўся СССР і на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі пачалі страляць, мы з нашай турысцкай групай павесілі ледарубы на цвік, узяліся за вёслы, перасеўшы на байдаркі. Бярэіна, Дняпро, Сьвіслач, Нёман, малыя рэкі. Тады й пачаў пісаць малыя навэлы і артыкулы ў перыядычныя выданьні. «Наша Ніва», «Сям’я» – існаваўшыя тады мясцовыя газэты.
Тады ж, па ініцыятыве Даны, уцягнуліся ў каталіцкія пілігрымкі па Эўропе. Аб’ехалі Эўропу ад Тэрэспаля на Ўсходзе да Лісабона на Захадзе і ад Стакгольма на поўначы да Дуброўніка на поўдні. На гэта трацілі ўсе свабодныя ад базавых жыцьцёвых патрэбаў сродкі.
Хоць пілігрымкі і арганізоўвалі ксяндзы-каталікі, браты Вячаслаў і Юрый Барокі, экскурсіі былі ня толькі па каталіцкіх сьвятынях, а і па ўсіх адметнасьцях таго ці іншага горада, мястэчка. Распавядалі пра аметнасьці гарадоў выдатна падрыхтаваныя экскурсаводы. Гэта асобная тэма, што не ўваходзіць у рамкі і мэту гэтага допісу.
Тады й пісаць пачаў болей. Дана вычытвала памылкі граматыкі і друку. А прафэсыйную карэктуру і стыльрэдагаваньне рабіла менская паэтка Натальля Кучмель, ці не лепшая ў Беларусі адмыслоўка ў гэтай справе.
Дана была добрай, ашчаднай гаспадыняй, клапацілася ня толькі пра мужа, але й пра сыноў, унукаў, у апошнія гады і аб праўнуках. Жылі 55 год у міры і згодзе, толькі надта перажывала, што з-за майго атэізма сыны не хрышчаныя.
Каб адзначыць маю каханую жонку адным словам, мне цяжка выбраць слова уласна беларускае. Таму скарыстаюся агульнаславянскім: БЕРАГІНЯ .
Тое, што адзіны момант можа зьмяніць жыцьцё на дзьве часткі, даўно вядома як банальнасць.
Ды, як не банальна гэта гучыць, на вялікі жаль дата 20-е ліпеня 2019 года стала жудаснай рэальнасцю.
Сонейка маё ласкавае…
Як жа вярнуць мне табе твае ясныя вочы, дасьціпную гаворку? Як вярнуць цябе ў нашую рэчаіснасьць, у наш сьвет, дзе мы з табою шчасьліва, у добрай згодзе жылі болей паўвеку? Як выбавіць цябе з таго невядомага, чужога мне, а зразумелага мо толькі табе адной сьвету, поўнага яркіх эмоцый, часам дабра, часам злосьці на мяне, нерэальнай і нічым не вытлумачальнай? Іншага сьвету, куды кінула цябе, МАЯ ЛЮБАЯ, жорсткая, жудасная, лютая хвароба? Хвароба, зь якой ня ўстане саўладаць ні мясцовыя нэўролягі і псыхіятры, ні сталічны прафесар!
Спачатку часам мроілася, што апякуюся некім, маленькім і слабым, мне аднаму складана, а вось вернешся ты і разам мы дагледзім гэтага бездапаможнага чалавечка… Але рэчаіснасьць вярталася хутка – гэта ж ты, мая добрая, клапатлівая Берагіня і стала такой хворай, нямоглай.
Двойчы вазілі мы цябе ў Менск на кансультацыі і дасьледваньні. І сучасная апаратура асаблівых пашкоджваньняў у галоўцы тваёй ня выявіла, і лекі, самыя моцныя на сёньняшні дзень, не дапамагаюць…
Іду па блізкім лесе, пакінуўшы цябе на пару гадзінаў пад апеку добрай, працавітай жачыны, углядаюся ў траву і апалае лісьце – мо грыб які позьні, восеньскі знайду.
Пару дзён таму, калі ты, упалая ў чорную, несьвядомую немач, уцякла ад мяне ў лес, раптам уцямна прамовіла: «Во, грыбы!» Так, амаль на самай сьцяжыне – тры дабрэнныя апенькі. Узяў я іх, а дадому не данёс, патрэбныя былі абедзьве рукі, каб утрымаць цябе, не дазволіць ісьці куды глядзяць твае затуманеныя чарговым прыступам страшнай хваробы сьветлыя вочы. Не памятаеш, бедная, што ідзем мы якраз з касьцёла. Ты амаль бездакорна адслухала нядзельную імшу, прыняла прычасьце. Забылася, як толькі выйшлі з касьцёлу, ірвешся ў лес, дзе ніякага касцёла няма. І тут грыбы амаль на сьцежцы.
Шмат сілаў фізічных, добрых, ласкавых і ня надта словаў давялося мне ўжыць, каб давесьці цябе неадэкватную, узмокшую ад тузаніны, дадому. Больш у касьцёл цябе не вадзіў, каб не даводзіць да такіх жудасных стрэсаў…
І вось цяпер у лесе мо знайду які грыб. Ня бачу ніводнага. Ці ўсе пазьбіралі, ці вочы мае, затуманеныя міжволі набрынялымі сьлязьмі, не заўважаюць ні грыбоў, ні сьцежак.
Колькі разоў хадзілі мы з табою, здаровыя і трэнірованыя, якраз па гэтых самых сьцежках? Летам і восеньню грыбы зьбіралі, а зімою на лыжах бегалі. Ты ж у маладосьці была лепшай спартоўкай-лыжніцай, у спаборніцтвах дзяўчаты змагаліся толькі за другое месца, першае заўсёды, за малымі выключэньнямі, было тваім!
А цяпер вось блукаю тут адзін. Ці давядзецца яшчэ хоць разок прайсьціся, прабегчы на лыжах па гэтых сьцяжынках удвух з табою?!
Трэба сыходзіць адсюль, ад гэтых думак і успамінаў, сам хутка не толькі ў сьлёзы кінуся, а й розум страчу! А хто ж тады цябе дагледзіць? Накорміць, апране, памые, спаць пакладзе, разбудзіць ураньні? Праўда, прачынаесься звычайна раней за мяне…
Ты яшчэ не згубіла адчуваньне мовы, чытаеш тэксты на трох мовах. Але блытаеш імёны блізкіх табе людзей, называеш мужчынаў жаночымі імёнамі і наадварот. Неяк выйшаў на хвілінку ў іншы пакой і чую: «Олечка!..» Гэта зварот да мяне – «Олечка», без прыстаўнога В, так кажуць у Віленскім краі, дзе ты вырасла... І столькі ў гэтым кароткім слове пяшчоты, столькі просьбы аб дапамозе, столькі несумнеўнай надзе,і што «Олечка» безумоўна тваю прозьбу выканае, дапаможа... Гэты зварот, дакладней ягоная інтанацыя, перадаць якую немагчыма, мяне так узрушыла, што я забыўся, пра што ты хацела мяне папрасіць. Узрушыла нават болей, чым калі трохі раней ты, абняўшы і пацалаваўшы мяне, прамовіла: «Як мне з табою добра...»
Ты пачынаеш гаварыць усё меней і меней, нарэшце скажаш пару уцямных словаў толькі зрэдку. Хоць у вачах тваіх і на твары відаць няслабыя эмоцыі. Сябры-лекары тлумачаць гэта тым, што ў такім стане людзям з тваёю хваробай цяжка фармаваць думкі, пераводзіць думкі ў зразумелыя словы. А бывае, ты спрабуеш нешта сказаць словамі незразумелымі мне, тымі, што не перакладаюцца ні зь якой мовы.
Часам, на зьмярканьні, глядзіш некуды ў далячынь, нешта бязгучна шэпчаш, ледзь варушачы вуснамі. А ў вачах мройная задумённасьць шчасьлівага чалавека. Дзе ў такія хвіліны твае думкі? Мо на небе, побач з блізкімі табе Сьвятымі людзьмі-духамі? У іх існаваньне ты, шчырая каталічка, безаглядна верыла пры поўным розуме...
Паступова ты ўсё меней чытаеш уголас, прабягаеш тэкст толькі вачыма. Радзей чытаеш уголас малітву «Ойча наш». На мае звароты, прапановы рэагуеш павольней, чым раней...
Але зранку, прачнуўшыся, добра выспаўшыся, здаесься мне болей адэкватнай, разумееш мае словы адразу, згаджаесься на ўсе прапановы...
Лекары-псыхіятры не падаюць мне ніякай надзеі на тое, што ты ачуняеш, кажуць, што лепей ня будзе, будзе толькі горш...
А мне так хочацца верыць, спадзявацца... Аднойчы вясновай раніцай ты расплюшчыш вочы, зьдзіўлена азірнесься, не зразумеўшы, у якім пакоі ты спала, і спытаеш, як калісьці бывала: «А які сёньня дзень? Нешта я не помню, што рабіла ўчора...»
Сонейка маё ласкавае!!!
2019 – 2021 гг.
                            ЗІМА
Мяце завея! Белай калыханкай
Прыспала дрэвы, хаты і траву.
Ідзе зіма – халодная каханка!
Яе чакаю! Зь ёю аджыву!
Застылі рэкі, пульхнай белай коўдрай
Паклаўся сьнег на тоўсты, цьвёрды лёд.
І закружыла ноч рукою шчодрай
Над гэтай бельлю зорак карагод.
А ўстане сонца – зробіць сьнег барвяным
І зыркім, ажно іскры у ваччу.
І гэтым ранкам, доўга так чаканым,
На вузкіх лыжах шпарка паімчу.
Таптаў калісьці у краях далёкіх
Я сярод лета белыя сьнягі,
Што леглі назаўжды між гор высокіх,
Дзе ў хуткіх рэк крутыя берагі.
Ды мне туды няма цяпер дарогі.
Той край дрыжыць ад гора і пакут.
У гор тых і сьнягоў адно – трывогі,
Няма спакою, радасьці... а тут...
Над белым полем – белыя аблокі.
Далей, за белым полем – белы лес.
І засьцілае далягляд далёкі
Бялюткі сьнег, што падае зь нябёс.
А час бяжыць, ня ведае прыстанку.
Пасыпаў сьнегам вусы, галаву...
Гудзе завея – белая каханка!
Пяе мне песьні! Зачыць – я жыву!
                                                                                                            2006 г.
                                                                      г. Сьветлагорск (Шацілавічы)
              МЭЛЁДЫЯ ПРАГІ
На Карлавым мосьце музыка іграе на шклянках.
Ў ваду апускаючы пальцы, мэлёдыю лёгка вядзе.
Віруе натоўп. Тут кітайчык, румын, тут гішпанка.
Ты музыку тую ніколі ня чуў і нідзе.
Мэлёдыя кропляў і шкла, ты пра што нагадала?
Мо гэтак сьпявае вада пад байдаркі вяслом,
Мо скрыпка вясельная гэтак калісьці сьпявала.
Мо сьпевы дзяўчат над вадой за купальскім вянком.
Ды не! Гэты сьпеў ні на што, ні на што не падобны.
Ў ім чуеш ты Брамса, Гліэра, ліцьвінаў дуду.
Камусьці яна – нібы стогн невыносны, жалобны.
А можа то чыйсьці ўспамін пра былую бяду.
Пад воплескі публікі падаюць-звоняць манеты,
Вітае музыку спагадліва, шчыра народ.
А я ўспамінаю Сыса, сьпеў чароўны Забэйды.
І даўні-далёкі за рэчкай дзяўчат карагод.
Бубны крышнаітаў. З касьцёлу уздыхі аргана,
Пад вежай надбрамнай гітара флямэнка пяе.
На Карлавым мосьце празрыстая музыка шклянак.
Да самага скону цяпер не забыць мне яе.
                                          27.06 – 02.07. 2005. Прага – Йглава – Прага.