Таццяна Марозава
Таццяна Анатольеўна Марозава, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства, да 2019 года загадчык вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору БДУ. У 2018 годзе Таццяна Анатольеўна кіравала фальклорнай практыкай студэнтаў І курса спецыяльнасцей «Беларуская філалогія» і «Руская філалогія».
Аб фальклорнай практыцы 2018 года
У 2018 годзе пасля сямігадовага перапынку (падчас якога я нарадзіла і гадавала да трохгадовага ўзросту двух сваіх дзетак – дачушку Машу і сыночка Вову) мяне прызначылі кіраўніком фальклорнай практыкі ў дзвюх групах. Дагэтуль я напрацягу дзесяці гадоў сваёй педагагічнай дзейнасці на кафедры тэорыі літаратуры неаднаразова выконвала абавязкі кіраўніка, і цяпер мне пасля досыць вялікага перапынку было цікава зноў папрацаваць са студэнтамі, праз дзённікавыя запісы зазірнуць у іх унутраны свет, выявіць зацікаўленых народнай творчасцю, здольных да назіранняў і абагульненняў першакурснікаў, адчуць, чым яны жывуць цяпер. Ад сваіх калег-фалькларыстаў я наслухалася шмат гісторый пра тое, якія студэнты цяпер сталі «падкаваныя» і спрытныя ў падмане, як мухлююць з матэрыяламі, як імкнуцца да добрай адзнакі прыйсці лёгкім шляхам – вынік дзеля выніку, аніякай эўрыстыкі і крэатыву. «Падкаваная» такім чынам, я чакала справаздач. І вось што атрымалася ў выніку.
У вучэбнай праграме напісана, што фальклорная практыка з’яўляецца неад’емнай часткай вучэбнага працэсу пры падрыхтоўцы студэнтаў-філолагаў. Але ж вядома, што філолаг філолагу розніца. Гэтая ісціна пацвердзілася і пры праверцы справаздач. Частка студэнтаў падыйшла да практыкі прагматычна, працавала на вынік, але, на жаль, без душы. Частка «зляпіла» справаздачы «з таго, што было» і як мага хутчэй. Адзінкі паспрабавалі прадставіць запазычанні з Інтэрнэту за сваё… А адна студэнтка нават выдумала фантастычны мясцовы дыялект, на якім быццам былі запісаны творы...
Але ж мне пашчасціла, што ў групах трапіліся студэнты, чые дзённікі было премна чытаць і адчуваць, што напісанае – сапраўды перажытае, не дзеля адзнакі. Канешне, працэнт такіх работ ад агульнай колькасці невялікі, але яны ёсць. Значыць, нам, выкладчыкам, ёсць для каго і над чым працаваць.
Фармат альманаха патрабуе прадстаўлення матэрыялаў у рубрыцы сцісла, аглядна або, наадварот, падрабязна ў дачыненні да адной з’явы. Як кіраўнік фальклорнай практыкі, я прапаную пакінуць дзённікавыя назіранні студэнтаў у поўным аб’ёме, каб уяўленне аб праведзенай імі працы было цэласным, каб праз прадстаўленыя разважанні і каментары найбольш яскрава ўбачыліся асобы.
Вось студэнткі, чые матэрыялы я рэкамендую да друку:
Алеся Багдановіч, спецыяльнасць «Беларуская філалогія», збірала фальклор на сваёй малой радзіме – у в. Ахрэмаўцы Браслаўскага раёна; дзяўчына адказная, патрыятычна выхаваная, філалагічна здольная.
Міхаліна Бурвіна, спецыяльнасць «Беларуская філалогія», запісвала творы ў дзвюх вёсках – Жамадзяйкі і Куляшы, а таксама ў аграгарадку Мілейкі Івацэвіцкага раёна; крыху задумёная, рамантычная і праўдзівая дзяўчына, добра валодае роднай мовай, творча натхнёная.
Ксенія Голуб, спецыяльнасць «Руская філалогія», адшуквала і аналізавала графіці ў гарадах Жодзіна Мінскай вобласці і ў Мінску; яе каментары тэзісныя і дакладныя, ад іх зыходзіць подых пошуку і зацікаўленасці; натура ўрымслівая і ўсхваляваная.
Валерыя Вінглеўская, спецыяльнасць «Руская філалогія», запісвала творы ў Бабруйску; дзяўчына з гумарам, адкрытая і праўдзівая, назіральная; у сваіх запісах імкнецца «дойти да самой сути» ў афармленні і дакладнасці.
Дзякуй вам, дзяўчаты, за добрыя матэрыялы, выказаныя заўвагі, шчырасць і адказнасць! Няхай вопыт вашай першай практыкі стане пачаткам надзейных навыкаў, якія закладуць глебу для будучых здзяйсненняў!
Ад рэдакцыі
Матэрыялы фальклорнай практыкі Ксеніі Голуб мы падалі ў мінулым выпуску альманаха.
У гэтым жа змяшчаем вельмі цікавы дзённік Валерыі Вінглеўскай з нашымі каментарыямі і дадаткам — адрасамі ў інтэрнэце некаторых твораў у выкананні вядомых і малавядомых спевакоў, паралельных варыянтам, запісаным студэнткай ад сваіх родных і знаёмых. Высвятляецца, што песні і рамансы, якія фалькларысты, часам з пагардай, адносілі да мяшчанскіх і гарадскіх, вельмі запатрабаваны і ў вусным спажыванні, і ў сучасным прафесійным асяродку.
Такі вось парадокс!
Са свайго боку можам засведчыць, што чулі іх на працягу 80-х гадоў у піянерскіх лагерах, а згодна з інфармацыяй, атрыманай Валерыяй Вінглеўскай ад сваёй маці, ў 90-я гады яны былі папулярныя сярод студэнтаў.
Мяркуем, што інтэрнэт паспрыяе іх далейшаму вуснаму бытаванню.
Калі згодны ці не згодны — пішыце нам!