ЦІ ЧУЛІ ВЫ ІГРУ НА ЛІРЫ?

Лірнікі на Беларусі


Лілія Баранкевіч, кандыдат мастацтвазнаўства,
загадчык навукова-даследчага аддзела
Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

У сучасным беларускім этнамузыказнаўстве аб колавай ліры і лірніках адной з першых напісала ў сваёй манаграфіі «Белорусские народные музыкальные инструменты» доктар мастацтвазнаўства Іна Дзмітрыеўна Назіна. Пазней, у 2001 годзе, выйшла манаграфія А. Скорабагатчанка «Беларускія народныя музычныя інструменты ХХ стагоддзя», дзе таксама гаворыцца пра лірнікаў і прыводзяцца ілюстрацыі колавай ліры.

Сёння лірніцкая выканальніцкая традыцыя ў сваім аўтэнтычным варыянце сышла на нішто разам са смерцю апошняга лірніка. Глабальныя сацыяльныя грамадскія ўзрушэнні ХХ стагоддзя спрыялі хуткаму знікненню лірнікаў з паўсядзённага побыту. Жабрак-спявак Хрыста-дзеля, які жыве жабраваннем, ніяк не «ўпісваўся» у новы кантэкст. Лічылася, што ў ім не павінна было быць сацыяльных супярэчнасцяў. Апошнія лірнікі хадзілі па вёсках яшчэ пасля Вялікай Айчыннай вайны. Ёсць шматлікія ўказанні на запісы духоўных вершаў у выкананні ўжо аселых лірнікаў у канцы 60-х - пачатку 70-х гадоў ХХ стагоддзя. Па ўспамінах кандыдата мастацтвазнаўства Эльвіры Анатольеўны Алейнікавай, тады лірніка можна было пачуць каля Вялікага тэатра оперы і балета ў Мінску. Хармайстар Тамара Гаўрылаўна Слабодчыкава прыводзіла звесткі пра лірнікаў , якіх яна асабіста назірала яшчэ ў 60-я гады ў Касцюковічскім раёне Магілёўскай вобласці.

Мой крок да ліры

Да праблемы лірніцтва я прыйшла праз вывучэнне беларускіх духоўных вершаў, што ў якасці асноўнага стрыжня ўваходзілі раней у буйны лірніцкі рэпертуар. У 2009 г. мною была абаранена кандыдацкая дысертацыя «Духовный стих в белорусском музыкальном фольклоре». Маім навуковым кіраўніком была вядомая на Беларусі музыказнаўца Ларыса Піліпаўна Касцюкавец. Менавіта яна ў далёкім 1991 г. адправіла мяне, зусім юную, да цудоўнай спявачкі з Ананчыцкага этнаграфічнага калектыву, адкрытага для шырокага кола Ларысай Піліпаўнай пасля фальклорных экспедыцый тады яшчэ Беларукай дзяржаўнай кансерваторыі імя Луначарскага ў Салігорскі раён Мінскай вобласці. Успаміны Матроны Іванаўны Міхнавец пра свайго бацьку-лірніка Івана Сарокіна ўвайшлі не толькі ў мае навуковыя матэрыялы, лекцыі, артыкулы. Яны сталі аднымі з першых сведчанняў, якія я зафіксавала пра былую, моцную ў мінулым лірніцкую Слуцка-Салігорскую школу.

Дзякуючы І. Дзм. Назінай, якую не задавальнялі ў маёй дысертацыі вельмі кароткія, па яе назіраннях, сведчанні пра лірнікаў, я паглыбілася ў вывучэнне лірніцтва.

Веравызнанне лірнікаў

Першае, на што можна звярнуць увагу, – па большасці праваслаўнае веравызнанне беларускіх лірнікаў. Магчыма, пашырэнне ўніяцтва не вельмі адбілася на дзейнасці лірнікаў, якія спявалі духоўныя вершы і псальмы, звязаныя з праваслаўнай традыцыяй. Адным з першых на гэта ўказаў П. Бяссонаў у сваёй Прадмове да чацвёртага выпуску «Калек перехожих»3(1861 — 1864). Нам здаецца цалкам пераканаўчай яго ідэя аб балгарскім паходжанні многіх духоўных вершаў, з відавочным, на мой погляд, грэцкім уплывам, не выключаючы сербскага. Роднасныя сюжэты духоўных вершаў, псальмаў, балад можна знайсці ў рускім, беларускім, украінскім, сербскім i балгарскім фальклоры.

У палякаў таксама вядома традыцыя выканання песень на духоўныя сюжэты жабракамі, прафесійнымі спевакамі. Яны завуцца «жабракі», «старцы», «дзяды»4. Сярод блізкіх да беларускіх варыянтаў польскія духоўныя вершы пра Лазара, аб расставанні душы з целам, смерці і Страшным судзе.

Песні, роднасныя беларускім духоўным вершам, вядомыя ў Літве. Яны прымеркаваны да абраду пахавання, называюцца «geśmes» і ў асноўным раскрываюць эсхаталагічную тэматыку.

Рысы заходнееўрапейскай традыцыі

Традыцыя выканання песень вандроўнымі музыкамі пад акампанемент колавай ліры, дуды, скрыпкі, а таксама катрынкі была шырока распаўсюджаная ў Заходняй Еўропе на працягу доўгага часу5.

Па звестках Люс Моиз [158], бельгійскага даследчыка колавай ліры, указанні на бедных, сляпых жабракоў, якія граюць на ліры, часта сустракаюцца ў галандскіх і бельгійскіх дакументах ХVII стагоддзя. На шматлікіх творах жывапісу (галандскія, французскія майстры) заходнееўрапейскіх старцаў часцей за ўсё малявалі на пленэры, сярод весёлага натоўпу. Твары лірнікаў стрыманыя, суровыя, аднак не верыцца, што ў асяроддзі шчаслівых танцуючых людзей лірнік выконвае сур’ёзныя па тэматыцы творы. Хутчэй за ўсё, лірнікі акампаніравалі танцам. Выкарыстоўвалі ліру і на прадстаўленнях чароўнага ліхтара, танцах суркоў, а таксама дрэсіраваных сабак. Многія апісанні вандроўнага музыкі вельмі крытычныя.

Рэпертуар заходніх вандроўных музыкаў значна адрозніваўся ад рэпертуару праваслаўных спевакоў. Вядома, што неабходнымі ў заходнееўрапейскіх старцаў былі сумныя песні пра святых, будучай смерці і страшным судзе. Ёсць згадкі і аб выкананні вандроўнымі артыстамі Заходняй Еўропы папулярных кампазітарскіх мелодый, народных песень. Параўноўваючы традыцыі музіцыравання лірнікаў Заходняй і Усходняй Еўропы на перыяд сярэдзіны ХIХ – пачатку ХХ ст., можна гаварыць пра іх карэнныя адрозненні. Заходнія выканаўцы былі больш моцна звязаны з гарадской музычнай традыцыяй, бытавым музіцыраваннем, а таму ў іх рэпертуары пераважала танцавальная музыка з яе прыкладной функцыяй, папулярныя рамансы, песні і кампазітарскія мелодыі. Дарэчы, творы для колавай ліры пісалі Гайдн, Моцарт, Даніцэцці.

Вандроўныя музыкі, скамарохі, эпічныя спевакі

Вандроўныя музыкі, сляпцы-старцы, пазней лірнікі, сталі стваральнікамі і носьбітамі выканальніцкай традыцыі духоўнага верша. Яны з’яўляліся своеасаблівай сацыяльнай праслойкай грамадства, са сваімі звычаямі і законамі і нават умоўнай мовай. Большую частку яе складаюць словы з грэцкай, балканскай славянскай лексікі, а таксама цыганскай, не гаворачы пра штучна ўтвораныя словы. Лірнікі звычайна былі пісьменнымі людзьмі. Грамату яны спасцігалі ў спецыяльных лірніцкіх школах і для сваіх вершаў выкарыстоўвалі самыя розныя крыніцы6.

Перш за ўсё, гэта былі Святое пісанне, павучанні «айцоў царквы», жыційная літаратура, а таксама апокрыфы, якія ў вялікай колькасці распаўсюдзіліся ў былой Кіеўскай Русі.

Папулярнасць такіх вершаў, як «Лазар», «Аляксей Божы чалавек», у іх сацыяльнай скіраванасці і блізкасці лёсу галоўных герояў да жыцця саміх жабракоў-лірнікаў.

Некаторыя даследчыкі прафесійнай народнай культуры мяркуюць, што старцы з’явіліся прадаўжальнікамі справы скамарохаў. Скамарохі і старцы існавалі паралельна, і, магчыма, інструментальнае суправаджэнне песень замацавалася ва ўжытку лірнікаў шмат у чым дзякуючы скамарохам. Мастацтва скамарохаў (як і заходнееўрапейскіх вандроўных музыкаў) увасабляла радасць быцця, іх творчасць была накіравана, перш за ўсё, на сатыру, гумар, гратэск, часам досыць востры. Вандроўнікі-лірнікі па сваіх пазіцыях значна бліжэй стаяць да выканаўцаў гераічнага эпасу. Не выпадкова раннія духоўныя вершы і іх музычна-паэтычная стылістыка такія блізкія былінам.

Шляхі вядуць на беларускія землі

Ужо з XIII ст. колавая ліра сустракаецца на заходнееўрапейскіх землях, часта – у асяроддзі менестрэляў. У кнізе «Нямецкая народная музыка»7 музыказнаўца Л. Кершнер піша пра ліры як інструмент шпільманаў: «...в начале XIV в., среди шпильманов начался процесс расслоения. Одни из них селились в городах, образуя особый «цех» городских музыкантов; другие поступали на службу к феодалам... Часть шпильманов продолжала бродить по стране или оседала в деревнях». Апошнія павінны былі ўмець на ёй іграць. Называўся ж сам інструмент «мужыцкая ліра»8.

У XIV – ХV стст. колавая ліра згадваецца ў заходнееўрапейскіх літаратурных творах, адлюстроўваецца не толькі на малюнках, жывапісных палотнах, але і скульптарамі.

У старапольскай ілюстраванай энцыклапедыі9 гаворыцца аб прынятым Соймам ўказе 1496 г., які забараняў жабрацтва. У выпадку непадпарадкавання ўказу здаровыя жабракі сілком аддаваліся на службу старасце, а няздольныя да службы павінны былі выбраць сабе пэўнае месца жыхарства і надалей не хадзіць па вёсках. Натуральна выказаць здагадку, што такі ўказ мог выклікаць актыўны «зыход» польскіх лірнікаў на прылеглыя праваслаўныя землі. Так ліра магла з Польшчы патрапіць на тэрыторыі ВКЛ – будучых Украіны і Беларусі.

«Пік» распаўсюджвання колавай ліры ў асяроддзі народных музыкаў Заходняй Еўропы прыпадае на XVI – ХVII стст. Менавіта тады яна становіцца тыповым інструментам жабракоў і сляпых10.

Выкарыстоўваюцца розныя назвы, блізкія «колавай ліры»: boerenlier (вясковая ліра), blindenlier (ліра сляпога) у раёне Одэнаерде; draailier – колавая ліра. У Фландрыі колавая ліра атаясамлялася з вобразамі жабракоў, сляпых.

На тэрыторыі Беларусі лірнікі, а таксама цэх прафесійных жабракоў згадваюцца ўжо ў ХVII ст. сярод «іншых прафесій» у спісах рамесных прафесій гараджан11. Калі лірніцкія цэхі становяцца тыповай з’явай у жыцці гараджан ўжо ў ХVII стагоддзі, то можна меркаваць, што на беларускіх землях лірнікі з’явіліся значна раней, магчыма, у канцы ХV – пачатку XVI стагоддзяў. Сярод інструментаў заходнееўрапейскіх жабракоў згадваюцца дуда, колавая ліра, скрыпка. Менавіта з Заходняй Еўропы да нас прыйшла колавая ліра ў якасьці ўлюбёнага інструмента старцоў-сляпцоў.

На Украіне ліра таксама карысталася вялікай папулярнасцю нароўні з кобзай і бандурай 12.

Лірнікі на Магілёўшчыне і лёс тапонімаў

Вядома, што ў канцы ХIХ ст. кобза (люра) увайшла ва ўжытак і ў старэцкім асяроддзі былой Магілёўскай губерніі, у асаблівасці ў Мсціслаўскім, Чэрыкаўскім і Клімавіцкім паветах. У сваёй працы «Очерк быта нищих Могилевской губернии и их условный язык («любецкий лемент»)» (1890) Е. Р. Раманаў адзначаў, што «старыя працівяцца гэтаму новаўвядзенню, і люры распаўсюджваюцца туга».

Раней у Магілёўскай губерніі лірнікі, а там яны называліся старцамі, былі не проста тыповай з’явай музычнага сялянскага побыту. Менавіта Магілёўшчына з’яўлялася эпіцэнтрам старэцкай / лірніцкай традыцыі з цэлым шэрагам лакальных лірніцкіх школ: бліз Раманава, Дрыбіна, сучаснага Кіраўска (раённы цэнтр), частка якога раней так і называлася Старцы. Такі тапонім даволі часты на тэрыторыі сучаснай Магілёўскай вобласці. Так, у Гарбацэвіцкім сельсавеце Бабруйскага раёна раней была вёска Старцы (цяпер Калінаўка – у гонар «усесаюзнага старасты» М. І. Калініна). У XIX ст. на месцы Кіраўска стаяў маёнтак Качэрычы Бабруйскага павету. У 1924 г. ён ўвайшоў у Старцаўскі сельсавет Бабруйскага раёна, які ў лютым 1935 г. атрымаў назву Кіраўскага раёна, у гонар С. М. Кірава. Тады часовым цэнтрам раёна стала вёска Старцы, што ідэалагічна было няслушным. У красавіку 1939 г. Старцы перайменавалі ў Кірава. На месцы маёнтка каля в. Старцы быў пабудаваны пасёлак Кіраўск. Сюды пазней і перанеслі цэнтр раёна. Такім чынам, з памяці народа сціралася тое, што магло нагадваць пра благую для савецкага ладу жыцця з’яву – кленчанне: так ідэолагі разглядалі дзейнасць старцоў-лірнікаў.

Зручны інструмент і навучанне

Колавая ліра ідэальна падыходзіла убогім, часта сляпым, калекам, жабракам-музыкам. У нарысе Е. Р. Раманава гэтыя спевакі апісаны наступным чынам: «У паўднёвых і ўсходніх паветах найбольш распаўсюджаны тып жабракоў спевакоў. <...> Апранутыя ў белыя світкі, у лапцях з белымі анучамі, у белых лямцавых шапках-магерках, з белымі жа торбамі па абодвух баках і на спіне, з трохаршыннымі арэхавымі або грушавымі кіямі ў руках, – гэтыя ўбогія з’яўляюцца найбольш тыповымі прадстаўнікамі беларускіх старцoў і найбольш набліжаюцца да тыпу старажытных калік-пераходжых».

Зручная ў выкарыстанні, ліра натуральна дапаўняла спевы вандроўных выканаўцаў. Павесіўшы інструмент на рамяні праз плячо або седзячы, паклаўшы яго на калені, правай рукой спявак круціў ручку маленькага драўлянага кола, якое закранала струны, нацягнутыя на корпусе інструмента, ствараючы бурдоннае гучанне. Левай рукой лірнік націскаў на клавішы, размешчаныя на корпусе інструмента. Клавішы білі па струнах, выводзячы асноўную мелодыю. Па ўсіх апісаннях, колавая ліра мела досыць моцнае, пранізлівае, некалькі гугнявае гучанне. Яна даволі хутка распаўсюдзілася на Беларусі, Украіне і паступова прыйшла ў Расію.

Сярод шматлікіх апісанняў лірніцкага мастацтва мы знаходзім як кароткія, так і разгорнутыя, маляўнічыя паведамленні. Часта спевакі, пераймаючы гучанне ліры, выконвалі свой рэпертуар таксама пазбаўленым адценняў голасам. Унікальны магнітафонны запіс духоўнага верша «Пра блуднага сына» («Брадзіл я далёка ў чужой старане») у выкананні беларускага лірніка А. Л. Шылы (1898 г. н.) з вёскі Забор’е Краснагорскага раёна Бранскай вобласці быў перададзены ў 1968 г. дацэнтам Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі Нінай Міхайлаўнай Савельевай для манаграфіі І. Назінай «Белорусские народные музыкальные инструменты» ў якасці ілюстрацыі лірніцкага рэпертуару. Можна казаць аб яркім, насычаным тэмбры, нават прафесійна «пастаўленым» голасе гэтага адоранага народнага спевака.

Паводле сведчанняў гісторыкаў, лірнікі аб’ядноўваліся ў прафесійныя карпарацыі і школы. Навучанне ігры на інструменце займала доўгі перыяд – два-тры гады, а то і больш. Патэнцыяльнымі вучнямі гэтых школ былі музычна адораныя сляпыя хлопчыкі. Дзяцей навучалі ігры на ліры, скрыпцы (пазней – гармоніку), давалі асновы дакладных навук. Аднак галоўнымі былі спевы – завучванне па памяці («па пунктах» – строфах–радках) лірніцкага рэпертуару, які ўключаў у сябе розныя віды і жанры. Навучанне было платным, пра што дамаўляліся бацькі вучня і педагог (вопытны лірнік). Неабходнай часткай адукацыі з’яўлялася таксама авалоданне ўмоўнай лірніцкай мовай. Гэта спрыяла замкнёнасці, адчужанасці, закрытасці лірніцкіх карпарацый ад знешняга свету.

Перайманне

Мастацтва пераймалася вусна, па памяці, адсюль варыянтнасць у стварэнні і выкананні духоўных вершаў. Ішоў свайго роду «натуральны адбор» – лепшымі лірнікамі станавіліся толькі найболей адораныя вучні. Звычайна настаўнікі не перадавалі вучням ўсіх глыбінь свайго рэпертуару, таму што памяталі пра канкурэнцыю ў будучым. Праз пэўны час вучні трымалі строгі экзамен у прысутнасці вядомых «дзядоў» – старцаў-лірнікаў. Потым права мець вучняў і ліру набываў толькі юнак, які добра здаў іспыты.

Лірнік Іван Сарокін і яго дачка Матрона

У 1991 г. у в. Ананчыцы Салігорскага раёна Мінскай вобласці Матрона Іванаўна Міхнавец (1930 г. н.), дачка лірніка Івана Сарокіна, забітага ў 1943 годзе фашыстамі падчас карнай аперацыі супраць партызан, расказала аб тым, як у дзяцінстве, да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, яна дапамагала свайму бацьку спяваць.

Бацька Матроны аслеп, калі яму не было двух гадоў. Як падрос і стаў «пахож ужэ на вучэніка», яго адправілі ў навучанне да лірніка, па ўспамінах, кудысьці каля Старобіна, папярэдне заплаціўшы каровай за тое, «штоб ён умеў і Богу маліцца, іграць і пець, і на гармошцы іграў ён, і на ліры іграў». Акрамя гэтага, вучылі хлопчыка і матэматыцы, ды так, што «ён вусна задачы ж нам рэшал, памагаў у трэцям, чацвёртым класе», расказвала Матрона Іванаўна.

«Зімою ідом у каждую хату. На ліры бацько іграе...поздороваецца, садзіцца (пасадзім яго на лаву). А як летам, дык бацько сядзіць на вазу, на вуліцы. Бягім у каждую хату і просім: «Падайця, цёценькі, нешчаснага калеку». Хто дась – той дась, а хто можа і сказаць: «Не».

Калі паеда, на месяц уезджае із дому. Начуем ото дзе-небудзь у дзеряўнях. Кажуць, што ваўкi дзяцей хапаюць. Паложыць это нас у воз, накрыя, штоб не памерзлі... А сам калі воза цэлу ноц не спіць. І конь жа распрэжаны наш... ходзіць... Такі хлеб был у яго».

Запачаткаванне жаночай лірніцкай традыцыі і асобы

Гэта адбывалася паступова, натуральным шляхам, ад бацькі да дачкі, ад мужа да жонкі. Такія з’явы назіралася і раней, яшчэ ў Х1Х стагоддзі. Пры пераходзе мужчынскага лірніцкага рэпертуару ў жаночы заўважаліся якасныя змены ў яго жанравым складзе і ў самой манеры выканання. У фондах Салігорскага краязнаўчага музея захоўваецца інструмент беларускай сляпой лірніцы Вольгі Рыгораўны Ляўчук (Раманюк), а таксама фотаздымак лірніцы з малой дачкой, зроблены ў 1929 годзе.

Колавую ліру ў Салігорскі музей перадала дачка лірніцы В.А. Кавалёва, пра што ў рэгістрацыйнай кнізе напісана: «Ліра выраблена мясцовым майстрам для сляпой дзяўчынкі з вёскі Доўгае (Раманюк Вольга Рыгораўна), якая хадзіла па вёсках, грала і спявала. Пасля яе смерці захоўвалася ў дачкі». Далей адзначана, што колавая ліра «ўяўляе вялікую каштоўнасць для этнаграфічнай калекцыі музея» і што ў некалькіх месцах яна змацаваная дротам. У 1990-я гады колавую ліру рэстаўрыраваў беларускі фалькларыст, майстар-інструменталіст У. Я. Пузыня.

Факт існавання жанчын-выканаўцаў на колавай ліры засведчыў украінскі даследчык М. В. Сярбіна ў сваім дакладзе «Жанчыны-лірніцы ва ўкраінскім Палессі: па матэрыялах апошніх экспедыцыйных знаходак» на XI Міжнародным інструментазнаўчым кангресе «Благодатовские чтения» (СПб., 2017).

Наперад у мінулае?

Сёння лірніцкая традыцыя ўзнаўляецца дзякуючы апантаным энтузіястам. З’явіліся маладыя выканаўцы, рэканструктары былых спеваў, майстры, што вырабляюць цудоўныя колавыя ліры, граюць на іх, выступаюць з канцэртамі. Таму хочацца пажадаць маладым лірнікам поспехаў у іх высакароднай справе – адраджэнні беларускага лірніцкага мастацтва.