Дзьмухавец

Фальклорна-этнаграфiчны i лiтаратурна-мастацкi альманах

Пра альманах "Дзьмухавец"

Я лечу! Возношусь! Поднимаюсь под самые облака! Теперь я знаю, для чего живу на свете!

Карел Чапек. Семя одуванчика.

Сябры альманаха:

Перад вамі выпуск электроннага фальклорна-творчага альманаха “Дзьмухавец”, які падрыхтавалі супрацоўнікі кафедры тэорыі літаратуры, вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору і члены студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі “Фалькларыстыка”. Сваім электронным выданнем мы імкнемся зацікавіць шырокае кола карыстальнікаў Інтэрнета, найперш школьнікаў і студэнтаў, фальклорнай нацыянальнай спадчынай. Мы хочам паказаць, што фальклорная традыцыя неперарыўная, пакуль жывуць носьбіты фальклору, пакуль захоўваецца памяць пра таленавітых казачнікаў і спевакоў. Мы арыентуем студэнтаў на паглыбленне сваіх ведаў па фальклору праз падрыхтоўку да напісання розных відаў навукова-творчых работ (эсэ, партфоліа, водгукаў і інш.), а таксама знаёмім з матэрыяламі фальклорнай практыкі (у рэтраспектыве і апошніх гадоў) – першай вытворчай практыкі, якую студэнты-першакурснікі ажыццяўляюць пасля летніх іспытаў. На старонках альманаха маюць магчымасць надрукавацца маладыя паэты і паэткі, а таксама прадставіць сучасны погляд на казкатворчасць аўтары новатвораў у рубрыцы “Філалагічныя гульні”.

Назва нашага альманаха – “Дзьмухавец” – невыпадковая. З аднаго боку, мы хацелі ўзгадаць у чытачоў уражанне, якое пакідае аб сабе гэтая кветачка, асабліва калі яна з жоўта-сонечнай прыгажуні пераўтвараецца ў пяшчотна-белы лёгкі шарык, такі далікатны і недакранальны: павеў ветрыку – і паляцелі парасончыкі ў белы свет... З другога боку, кожны такі парасончык нясе ў сабе новае зерне, якое вясной народзіць новыя жоўта-сонечныя кветачкі. І так будзе зноў і зноў. Таму і мы спадзяемся праз альманах “развеяць” па свеце веды, якія з лёгкасцю ўспрымуцца, натхняць на творчасць, выклікаюць жаданне далучыцца да нацыянальнай фальклорнай спадчыны.

Мы ўпэўнены, што выданне зацікавіць усіх, хто жадае праявіць свой філалагічны талент, здольны да ініцыятывы і імкнецца даведацца болей аб фальклорна-фалькларыстычнай дзейнасці ў БДУ.

Пра альманах | Кантакты | ©2010 Альманах "Дзьмухавец"
Сайт создан в системе uCoz