Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт: сто першы год
Уладзімір Верамейчык
Родны дом (урывак з паэмы)
Беларускаму дзяржаўнаму
універсітэту імя У. І. Леніна
прысвячаецца
БДУ! Знітаваны акорд гэтых гукаў
Будзе вечна ў жыцці маяком.
І пад старасць твае адчуваць буду рукі,
Мой настаўнік, мой роздум, мой дом.
Я паклічу цябе, калі стрэнуся з горам,
Калі сум пасябруе з валос сівізной.
Ты прайдзі з весялосцю тваіх калідораў,
Ціхім вераснем — толькі прыйдзі! -
                                                                супакой.
Прыплыві ка мне песняй з акон інтэрната
Пацалункам старэчыя вусны шукаць…
Для мяне у жыцці будзе цэлае свята,
Калі сына пашлю да цябе паступаць.
Ты яго, калі ласка, абслухай старанна:
Калі з чэрствай душой -
                                            прагані прэч дамоў.
Толькі знай, што душа у яго без заганы,
Бо твая — у мяне, а мая — у сыноў.
...Беларусь! Каб твая прыгажосць не завяла,
Каб рука не аслабла, не страціўся зрок,
З вёсак, сёл, гарадоў і далёкіх вакзалаў
Пасылаеш сюды і сыноў, і дачок.
...БДУ! Блаславі нас на добрыя справы,
Калі прыйдзе расстання з табою пара.
Пажадай нам удачы, здароўя і славы
Толькі гэтак: «Ні пуху, сябры, ні пяра!»
                З кнігі «Люблю» (1981)
Уладзімір Верамейчык (1937 - 1999)— выпускнік аддзялення беларускай мовы ілітаратуры філалагічнага факультэта БДУ (1964). Нарадзіўся на Брагіншчыне ў сям`і настаўнікаў (в. Петрыцкае).
Пасля заканчэння Рэчыцкага педвучылішча (1955) працаваў, служыў ў арміі, пісаў вершы, у 1959 г. паступіў у БДУ. Вярнуўся ў Рэчыцкі раён. Працаваў спачатку завучам, а потым дырэктарам Ведрыцкай школы, дзе пакінуў пасля сябе добрую памяць.
Выдаў шэраг паэтычных зборнікаў і публіцыстычных кніг. У 1976 г. яго прымаюць у Саюз Пісьменнікаў Беларусі.
Галіна Дашкевіч назвала Уладзіміра Верамейчыка абраннікам Палесся.
Яго літаратурны партрэт намаляваў беларускі пісьменнік, таксама выпускнік БДУ Анатоль Кудравец.
Пра паэта-настаўніка пісаў Э. Збароўскі, пра жанравую разнастайнасць яго твораў — А. Ваньковіч, пра кнігу «Яснасць» (1978) выказаўся В. Ярац, пра «Прыпяць» (1975) — А. Лаўшук, пра «Люблю!» (1981) — А. Сыс.
Уладзімір Верамейчык — Кавалер ордэна Працоўнага Чырвога Сцяга.
Вывучэнне яго творчасці працягваецца.