Наш кошарий

Вера Кошкіна
Споведзь кашкавода

Я, ганаровы кашкавод у чацвёртым калене, аматарка і ініцыятарка розных “мі-мі-мі” і “сюсі-пусі”, напрыканцы сваёй кар’еры павінна публічна распісацца ў поўнай паразе. Тут рыфма просіцца, і яна будзе ўжо хутка – лаві, чытач! Давялося мне стаць гаспадыняй рэдкай заразе.

Спачатку нішто не прадвяшчала, захацелася котку. Пасля адыходу ў іншасвет маёй любіміцы Фені, якая па прыгажосці, знешняй і ўнутранай, можа быць толькі кашачай мадонай, сумавала я доўга. Падбірала на вуліцы дзікіх і кусачых, якія не хацелі жыць у хаце, таму, пакормленыя, выпускаліся на свае вольныя вулічныя хлябы. Падбірала выпадковых паршыўцаў, якія, пакормленыя і стэрылізаваныя, збягалі з трэцяга паверха, а мы пісалі аб’явы, шукалі і прасілі вярнуць за ўзнагароду – безвынікова. Тады сказаў мне разумны муж: “Купі сабе кацянё племянное, з добрай сям’і, вырасціш – будзе тваё”.

Купіла…

Хадзілі на выставы, прыглядаліся, выбіралі – усё не тое. Племянныя пысы глядзелі на мяне сваімі арыстакратычнымі вачыма безуважліва – што ты ёсць, што няма – ім усё адно. І аднойчы наша сямейная парыкмахерка, якую любім моцна, паказала фота: у яе знаёмых нарадзіліся кацяняткі незямной прыгажосці. Усё пры іх: і парода, і нораў, і маці такая-такая, што ну проста хапай і бяжы. Паехалі ў іншы горад, у Дзяржынск. Выбралі і купілі – за грошы! Упершыню ў жыцці заплаціўшы за гэта шчасце, – тое, што ўжо і не прадаш і не выкінеш, бо яно ж вырасла з камячка (памерам менш за хамячка) у такое… эм… вялікае шчасце.

Нораў у яе, трэба сказаць, з маладосці быў такі сабе. Гойсала па суседскіх лецішчах, усе яе ведалі, усіх дастала. Суседскі хлопчык толькі радаваўся, і калі прывозілі яе на выходныя (а яна праз 5 хвілін ужо ў суседзяў), крычаў: “Мама, глядзі, мая кошка прыехала!”. “Мая кошка”, менавіта так.

Суседа падымала рана, каб не праспаў што там важнае ў жыцці пенсіянера. Наўпрост заходзіла да яго зранку, і не проста ў хату, а ў ложак, і так яму: “Спіш? А я ўжо тут”.

З суседскім сабакам сябравала так, што аднойчы прабілі яны надзьмуты для дзяцей басейн. Паколькі абодвум, і нашай котцы і іх сабаку, было, у прынцыпе, весела, то выдаткі за рамонт басейна сусед узяў на сябе, па-філасофску прамовіўшы: “Абодва вінаватыя”.

Ну і кульмінацыйным пунктам маладога дачнага жыцця стала вандроўка ў невядомым кірунку, на некалькі дзён. Ізноў аб’явы, пошукі, ах дзе ж ты, дзе, наша кошачака. Усё такое. Знайсці дапамог выпадак і дабрыня дзвюх жанчын. Мясцовая паштальёнка знайшла нашу кошку. Тая выйшла да яе з лесу, падышла да ног, пачала круціцца. Была ў ашыйніку, але і так зразумела, што не са сметніку кошка, а быццам бы хатняя. Падабрала яе жанчына, аднесла ў вёску, дзе ў самой было і котак, і сабак, і рознага іншага жывёльнага свету нямала. Па дабраце душэўнай пайшла на станцыю, напісала аб’яву, што так і так – знайшла такое вось, каму трэба, забірайце. А другая добрая жанчына, якая выпадкова, за хвіліну перад тым, як зачынілся дзверы электрычкі на Мінск, пабачыла гэтую аб’яву, пазваніла мне. Што сказаць? Удзячная я ім абодвум. Вельмі ўдзячная, нягледзячы на тое, што вярнулі яны мне маё шчасце.

Кульмінацыя ў гэтай п’есе супала з развязкай. Так бывае, асабліва ў жанры трагедыі. Не вазілі мы яе больш на лецішча.

Кватэрнае жыццё далося котцы нялёгка. А нам – яшчэ цяжэй. Паспела яна, скаціна такая, палюбіць волю. І кожнага разу, калі адчыняюцца ўваходныя дзверы, яна імкнецца апынуцца ў пад’ездзе. Прычым бяжыць не ўніз, да выхаду, а ўверх, і там хаваецца за суседзскімі веласіпедамі. Такое вось Мцыры.

І адпаведна, імкненне да волі выражаецца ў яе ў шкробанні ўваходных дзвярэй абедзвюма лапамі, а таксама – о гэтыя гукі! – у абдзіранні шпалераў. Уявіце: абдзірае і есць, разадраўшы на дробныя кавалачкі. Прыгожа выглядае мой калідор, госці адразу могуць ацаніць дызайн і стыль, які паступова ператвараецца ў суцэльны пэчворк, бо працавіты і ўпарты муж спрабуе час ад часу адгрызеныя фрагменты заклеіць. Але, відаць, з клеем яно яшчэ смачнейшае.

Мой сум – мае фатэлі. Адрэстаўраваныя, прыгожыя і ўтульныя, яны павінны былі праслужыць яшчэ 50 гадоў, але шчасце маё вырашыла, што кіпцюры яна можа манікюрыць толькі на антыкварыяце, не іначай, і вось толькі так. Муж мой (ужо трэці раз я згадваю яго, і можна здагадацца, які гэта нардычны, вытрыманы і моцны духам чалавек) завёў спецыяльны пульверызатар, з дапамогай якога вырашыў адвучыць котку тачыць кіпці аб фатэлі. Паставіў пульверызатар побач з ложкам, каб а пятай раніцы, як толькі пачуе чароўныя гукі, прыскаць вадой і казаць: “Псік!”.

Колькі весялосці адразу ўваходзіць у заразу! Хоп-хэй – і яна ўжо радасна імчыцца па спінках фатэляў, праз батарэі, гарэзліва хаваючыся за занавескамі. Суцэльнае свята. Праграма нязменная, мы ў эфіры з 5 да 6 кожнай раніцы, заставайцеся з намі.

З узростам яна не становіцца лепшай і разумнейшай. Як і ўсе мы. З’яўляюцца новыя звычкі, акрамя тых, што традыцыйна ўваходзяць у кашачы габітус, як-то: патрабаванне адчыніць дзверы адразу пасля таго, як яны былі зачыненыя, прычым няважна, ці прасілася котка толькі што ўвайсці, ёй адразу ж патрэбна выйсці; песні кашачых народнасцей у той самы чароўны прамежак часу, з 5 да 6 раніцы. І тут вось што дзіўна: коткі пачынаюць дзейнасць аднолькава ва ўсіх часавых зонах, ва ўсіх краінах свету. Такі вось міжнародны феномен.

Бесперапынная праца вымушае яе шукаць усё новых вясёлых прыгодаў. Днямі знайшла яе ў шафе, у зачыненай шуфлядзе, сярод сушылак і крэмаў для абутку. Як знайшла? Яна хацела выйсці, і я доўга не магла зразумець, адкуль я чую гэты салодкі голас, які рвецца на волю. Як яна трапіла ў зачыненую шафу, не паведаміла. Але потым я мела магчымасць назіраць, як шкадлівая лапа высоўвае шуфлядку, тлустае цела месціцца ўнутр, што няпроста, але нічога немагчымага няма для мэтаскіраванага ката, і потым яна зачыняецца – як? Ну, можа быць, гэтаму спрыяюць спецыяльныя практыкаванні, не ведаю. А можа, сіла думкі там такая, што засоўвае шуфляды без даводчыкаў.

Адным словам, я – пас. Я, якая ганарылася сваімі катамі і катамі катоў сваіх. І тут я ўрачыста заяўляю тое, што не раз казала сваёй котцы: больш я з катамі спраў не маю. Я адракаюся ад іх і не саступлю ні “мі-мі” ні “сюсі-пусі”. Калі і буду яшчэ думаць пра жывёлу, так лепш куплю сабе сабаку. А калі крызіс нашых стасункаў абвастрыцца і перамовы і пульверызатары будуць беспаспяховымі, то гатова на сабаку проста зараз. Ну і да апошняга слова рыфма вы ўжо ведаеце якая.