Фотападарожжа

Беларуская вёска ва Ўсходняй Сібіры

На дарозе, што вядзе з Іркуцку ў бок Альхона, можна ўбачыць незвычайны указальнік:

Беларуская вёска за 6 тыс.км. да Беларусі. Адна з сотняў, раскіданых па Усходняй Сібіры на землях тунгусаў і буратаў. У тых мясцінах жывуць перасяленцы і з Літвы, Латвіі, Польшчы, Украіны, нават Арменіі, але беларуская супольнасць - адна з самых вялікіх: больш за 50 тыс. чалавек толькі ў Іркуцкай вобласці. Хто сам прыехаў па сталыпінскай рэформе, шукаючы лепшай долі, каго прыгналі пасля раскулачвання ў гады калектывізацыі.

Вёску назвалі Тургенеўкай у гонар пісьменніка. Вядома, не самі жыхары. Недалёка знаходзяцца Талстоўка, Чэхаўка. Размяшчаецца паселішча на тэрыторыі Усць-Ардынскага вокруга, этнічнае насельніцтва якога - бураты. Бураты разводзяць кароў (на мяса) і коней, якія, што цікава, пасуцца без нагляду, ходзяць сабе, дзе хочуць.

Старажылы расказалі, што некалі тут паўсюль быў лес - векавечная тайга з таўшчэзнымі елкамі і ліствянкамі. Але яго вырубалі і вывозілі як за царскай уладай, так і пры саветах. Працягваюць выразаць ды заганяць у асноўным кітайцам і зараз. Таму на краявідах пераважна малады бярозавы падрост. Можа, гадоў праз сто і адновіцца хваёвы лес. Калі яму дазволяць.

І вось сярод такога, можна сказаць, стэпу, стаяць вясковыя хаткі.

Шырокія роўныя вуліцы і чысціня - тое, што адрознівае беларускую вёску ад іншых тамтэйшых паселішчаў. Але нязвыклыя краявіды, пякучае сонца пры халодным сухім паветры і адсутнасць садоў (ні яблынь, ні вішань, парэчкі і тыя не растуць) робіць сібірскую вёску не падобнай да нашых. Заместа духмянай ліпы ля падворку - ліствянкі.

Чатырохсхільныя дахі - гэта ўжо мясцовая, небеларуская архітэктура.

У вёсцы ёсць этнаграфічны музей, куды нас (гасцей з Беларусі) і накіравалі гаспадары.

Там сабраныя прадметы побыту першых перасяленцаў, старыя фотаздымкі і некаторыя дакументы.

Можа, хто знойдзе знаёмыя прозвішчы:

Далей мы сустракаліся і размаўлялі з мясцовымі, добрымі і цікавымі людзьмі


Беларуса там лёгка пазнаць па рысах твару і светлых вачах. Што цікава, старэйшае пакаленне вымаўляе мякка, зусім па-нашаму, і, размаўляючы з бабулямі, было поўнае адчуванне, што ты зараз у чарговай летняй экспедыцыі ў звычайнай беларускай хаціне. А вось сярод іхных унукаў ужо шмат метысаў, і гавораць яны па-руску з мясцовым акцэнтам, нязвыклым для нашага вуха.

Коткі там таксама іншыя. Яны невялікія па памеры, і вушкі ў іх маленькія такія. Напэўна, каб узімку не мерзлі :)

У кожнай хаце нас частавалі ад душы


І, ясная справа, налівалі кілішкі

Так што пад вечар, камеру я трымала ў руках не зусім упэўнена :)

Вяртаючыся ў Іркуцк, папрасіла ў мясцовых духаў ласкі для сваіх людзей, што жывуць так далёка ад радзімы

А гэта тая ж вёска, толькі ўзімку

Кароваў там на зіму ў хлеў не ставяць, яны бродаюць сабе, выкопваюць нешта з-пад снегу. І вось такія калматыя:


Наверх старонкі || Да зместу

Сайт создан в системе uCoz