Мікола Чарняўскі
Ёсць дом на вуліцы Свярдлова...
Кожны раз, калі выпадае ехаць па вуліцы Свярдлова, то пры набліжэнні да дома-пяціпавярховіка пад нумарам 34 міжволі ўсплываюць у памяці, нібы нашэптваюцца самі, крылатыя радкі Рыгора Барадуліна: “Дзень добры, інтэрнат, стары, знаёмы. Вясёлая студэнцкая радня!..” Згадаюцца яны, і гэтак жа міжволі затахкае сэрца, нешта зварухнецца ў душы, завярэдзіць невыказным сумам, ды так, што, здаецца, саскочыў бы раптам на хаду з таго тралейбуса, увайшоў у паўзмрок гулкага вестыбюля і, не зважаючы на недаўменны позірк вахцёркі, звярнуў бы налева ў калідор і спыніўся б перад першымі ж дзвярамі, паўзіраўся ў таблічку на іх: ці той жа ранейшы, 12 нумар, застаўся ў гэтага пакоя? Менавіта ён ў верасні далёкага ўжо 1960 года даў мне прытулак, ды яшчэ без адпаведнага квітка на месца ў інтэрнаце. Але дзякуючы сяброўству, што паспела завязацца ў часе здачы ўступных экзаменаў у БДУ, я разам з Міколам Маляўкам апынуўся тут, у інтэрнацкім пакоі №12, куды ён як студэнт-стацыянарнік атрымаў накіраванне. Мне, вячэрніку, які не змог прабіцца на дзённае аддзяленне філфака, давялося толькі зайздросціць шчасліўчыкам і спадзявацца на ласку ды спагаду інтэрнацкага “начальства” – вусатага ды буркатлівага каменданта Сцяпана Прохаравіча і таварышаў са студэнцкікага камітэта: яны заплюшчвалі вочы на прысутнасць інтэрнацкіх “зайцоў”, не дужа ганялі іх, нават спачувальна спрыялі ім. Што ж да мяне, дык я па падказцы сяброў хадзіў шукаць падрымкі да факультэцкага старшыні прафкама Анатоля Кудраўца. Так-так, цяперашняга знакамітага пісьменніка-лаўрэата, а тады – студэнта аддзялення журналістыкі, які толькі рабіў першыя спробы ў літаратуры. Трапіць да яго на прыём было не вельмі праблемна: як і ўсе студэнты, ён жыў тут жа, у інтэрнаце.
У дванаццатым пакоі нас атабарылася чалавек пад чатырнаццаць. Ложкі стаялі ледзь не ўпрытык адзін да аднаго, нават адбіраючы належнае ім месца ў тумбачак. Пра камформт, відаць па ўсім, клапаціліся мала: абы найболей студэнтаў займелі дах над галавой, былі ўладкаваны з жыллём. З філолагаў у пакоі значыліся толькі Мікола Маляўка, Міхась Вышынскі, ды я. Астатнія хлопцы – з аддзялення журналістыкі, і амаль усе – першакурснікі і ўчарашнія вайскоўцы, што яшчэ доўга адбівалася на ўнутраным распарадку пакоя, на абавязках дзяжурных.
Уваход у інтэрнат чамусьці знаходзіўся не з вуліцы, дзе ўзвышаўся парадны мураваны ганак і вісела шыльда, а з двара. Мяне, вяскоўца, які не прывык да такога строгага правіла, спачатку здзіўляла, што пры ўваходзе ў інтэрнат стаяў стол з застаўкай – своеасаблівым шлагбаўмам, які адчыняўся і зачыняўся дзяжурнымі студэнтамі пасля іх звыклага патрабавання: “Пропуск!” Часам гэтага пропуска ніхто не пытаў, але за гэта дзяжурным, калі яны трацілі патрэбную пільнасць, нярэдка перападала ад “рэвізораў”. Часцей – ад прарэктара універсітэта, Героя Савецкага Саюза, генерала у адстаўцы Кірсанава, які любіў праводзіць нечаканыя рэйды-праверкі, нават у познія вечары.
Асаблівай пільнасці вымагалі вечары танцаў. А танцы ў інтэрнацкім вестыбюлі ўсчыняліся не толькі ў суботнія да нядзельныя дні, але і ў будзёныя: варта было выйсці каму са студэнтаў з гармонікам ці вынесці радыёлу, – і танцы ўспыхвалі самі сабою. і так павялося ўжо, што ў час танцаў і розных там святочных вечарын, якія наладжваліся інтэрнацкімі актывістамі, дзяжурыць і правяраць пропускі заўсёды прымушалі нас, першакурснікаў: нас яшчэ мала ведаюць, мы нікога асабліва не ведаем, асабліва гасцей з чужых інтэрнатаў, нам няма чаго баяцца. Старэйшыя хлопцы, дык тыя самі часцяком гойсалі на танцы ў суседнія інтэрнаты, дзе, мабыць, таго-сяго нехта чакаў, дык яны не хацелі нажываць сабе ворагаў, асабліва не “засвечваліся” на нашай інтэрнацкай прахадной. Нам жа наказ быў строгі: каб ніхто з вуліцы не праслізнуў на танцы! Праўда, такое табу распаўсюджвалася толькі на хлопцаў. Дзяўчат дазвалялася прапускаць без прапускоў: відаць, такія “парушальніцы” не здаваліся “чужымі” і лішнімі для інтэрнацкіх сэрцаедаў.
У хаўрусе з хлопцамі і сябрамі дзяжурыць на нашай “заставе” не адзін раз даводзілася і мне. Калі б не гэтыя змушаныя “пасядзелкі”, напэўна б не з’явілася б у мяне тады, кажучы цяперашняй мовай, вершаванага “хіта”, які ў тым жа годзе прагучаў па радыё, а крыху пазней – быў надрукаваны ў часопісе “Маладосць”. Я сам не чуў, але мне казалі, што мой верш “Танцы ў інтэрнаце” ў радыёперадачы для моладзі “прывязалі” да аднаго репартажу, дзе пускаліся крытычныя стрэлы ў нейкага каменданта, які ўвёў у студэнцкім інтэрнаце надта суровыя парадкі.
Праязджаючы зімою міма інтэрната, з прыхаванай усмешкаю акідваю вачыма вокны: вокны як вокны, нічога прыкметнага, асаблівага. А тады з надыходам зімы, з прыбліжэннем Каляд, калі ў вёсках пачыналі свежаваць кабанчыкаў, вокны нашага інтэрната набывалі даволі “маляўнічае” відовішча: амаль усе падаконнікі былі застаўлены скрынкамі і скрыначкамі, стракацелі ад падвешаных знадворку торбачак і сетак: халадзільнікаў не было, і тыя пасылкі, што прыходзілі ад бацькоў з вёскі, выстаўляліся на холад – за акно. Па меры таго, як яны пусцелі, скрынкі і торбачкі перабіраліся з-за вокнаў пад ложкі і ў тумбы, і чакаючы зручнага выпадку – зноў вярнуцца ў вёску, на адрас клапатлівых матуль і бацькоў. Менавіта з гэтага назірання ўзяўся ў мяне яшчэ адзін “хіт” – гумарыстычны верш “Балада пра скрынку ад пасылкі”. Праўда, яму пашанцавала менш: ні на радыё, ні ў друк ён не прабіўся. Здаўся крышку негатыўным, “спісаным з натуры”, што тады у творчасці не дужа ўхвалялася. Ён застаўся толькі ў рукапісе, ды, мабыць, у тых, хто колісь перапісаў яго ў свой сшытак, каб не забыцца, пры нагодзе працытаваць страфу-другую.
Падахвочаны такой цікавасцю да маёй “інтэрнацкай лірыкі”, я потым падгледзеў яшчэ некалькі сюжэтаў, якія адлюстраваліся ў вершах “Калі ў студэнтаў сесія”, “Дзяўчаты разбіраюць пошту”, “Хлопцы канспекты паляць...”. Першы з іх нават прыйшоўся даспадобы не заўсёды лагоднаму “Вожыку”, трапіў у мае гумарыстычныя зборнікі.
Хоць я працаваў ужо ў рэдакцыі, была мажлівасць пайсці на кватэру, але чамусьці не хацелася развітвацца з інтэрнатам, з яго парадкамі, да якіх з часам прывык, а галоўнае – з сябрамі, з тымі ж Мікалаем Маляўкам, Анатолем Сербантовічам, Хведарам Чэрнем, Казімірам Камейшам, Генадзем Дзмітрыевым, Эдуардам Зубрыцкім, Міколам Міцкевічам, Рагорам Семашкевічам, Алесем Масарэнкам... З кім даводзілася дзяліцца і першымі творчымі радасцямі, і, здаралася, крыўднымі промахамі, засмучэннямі. Не ўяўлялася, што будзем бачыцца радзей, менш будзе тых гарачых спрэчак і дыскусій, якія ўспыхвалі ў інтэрнацкіх пакоях з выхадам чарговых нумароў “Маладосці” ці “Полымя”, новых паэтычных зборнікаў, пры абмеркаванні сваіх вершаў. Наша штодзённае сяброўства паспела перарасці ў творчае братэрства. Ды ўсё ж восенню 1963 года прыйшлося сказаць свайму інтэрнату: “Бывай”. Аднак святло яго вокнаў прываблівала мяне туды яшчэ не адзін год – да сяброў у госці, хто пазбег перасялення на Паркавую магістраль, цяперашні Праспект Пераможцаў, у больш новы інтэрнат, дзе я жыў, калі здаваў уступныя экзамены ў БДУ. Цягнула ў інтэрнат, бо “вуліца Грамадская, а кватэра прыватная”, куды я перабраўся на жыхарства, знаходзілася не так ужо і далёка ад вуліцы Свярдлова – якраз за чыгуначным вакзалам. Тут жа праз нейкі час пасля заканчэння ўніверсітэта прысуседзіўся да мяне і няўрымслівы рыфматворца Анатоль Сербантовіч. Пакуль ён кватараваў побач са мною, пакойчык наш не паспяваў выветрывацца ад водару кавы: каб не дужа браў сон, Анатоль звечара заварваў яе цэлую каструлю, ставіў нанач да стала і... пачынаў пісаць. Звычайна – да самай раніцы, пакуль на дне каструлі не заставалася толькі адна гушча. А ў вучнёўскім сшытку (чамусьці ў такіх сшытках ён любіў пісаць) за ноч з’яўлялася да паўдзясятка новых вершаў.
Балюча, што ні яго, ні яшчэ некаторых колішніх сяброў-таварышаў з таго літаратурнага прызыву ўжо няма сярод нас, толькі засталіся жыць у сваіх радках.
Як жывеш цяпер, наш інтэрнат, каго радуеш сваім цяплом і ўтульнасцю? Ці будзе што ўспомніць тым, хто ходзіць па тваіх калідорах сёння?
Ёсць дом на вуліцы Свярдлова,
Які мне ўцешвае душу,
Дзе спазнаваў таемнасць слова,
Якім жыву,
Якім дышу.
Сюды мяне вяртае памяць,
Нібы юнацкіх дзён святло.
Няўжо было ўсё гэта з намі?
Няўжо ўсё гэта адцвіло?
І сэрца згодзіцца вяснова,
Устрапянецца, як лісток...
Ёсць дом на вуліцы Свярдлова –
Майго сяброўства астравок.
            6.05.2012 г.
        ***
Хлопцы канспекты паляць,
Попел бяруць на памяць.
Шум стаіць на двары інтэрната:
Ці ж не радасць – экзамены здаць!
І дзяўчаты,
Нават дзяўчаты
Не жадаюць ад хлопцаў адстаць –
І канспекты ў полымя валяць,
Што так дбайна пяць год хавалі,
Сабіралі па сказу, па слоўцу
На замежнай, гісторыі, логіцы,
Што малілі хлапцоў не рваць
На шпаргалкі,
Як будуць здаваць.
– Малайцы вы сягоння, дзяўчаты,
Бо канспектаў у нас небагата
І касцёр бы даўно патух, –
Гаманілі хлапцы наўкруг.
Ля кастра ў гэты шчасны вечар
І шампанскае вельмі дарэчы!
– Пі спакойна,
Яго ты не слухай,
Хай у шклянцы тваёй будзе суха!
Прыгубляй,
Не саромейся, Таня,
За спатканне і развітанне!..
Хлопцы канспекты паляць,
Попел бяруць на памяць,
Каб яго праз гады пранесці
І успомніць у Крычаве, Брэсце
Песні тыя,
Што разам спявалі,
Кніжкі тыя,
Што разам чыталі,
Сцежкі тыя,
Што разам блукалі,
Гастраном,
Дзе так часта бывалі,
Што ў кішэнях вялося – збывалі…
Паляць хлопцы й дзяўчаты канспекты –
Былыя свае праспекты.
                        1962г.
        КАЛІ Ў СТУДЭНТАЎ СЕСІЯ
Суседка вокны занавесіла,
Ёй не да музыкі – ані!
Ў маёй суседкі зараз сесія,
А ў сесію – не да гульні.
А я, нібы не разумею,
Яе настрой,
Яе зарок.
Каля акна стаю, калею
І гулка тупаю знарок:
“Пачуе, можа,
Ці мо ўбачыць,
Хоць край фіранкі адхіне?"
А ў цішыні, –
Назло, няйначай, –
Рыпіць, хрыпіць
Прамёрзлы снег.
На сэрцы мутарна і душна:
“Няўжо разлад?
З чаго б?
Адкуль?"
Іду я, быццам невідушчы,
Назад па рыпкаму сняжку.
“Не, не любіла, хоць пляла мне
Пра гэта, можа, цэлы год..."
Я той часінаю бясслаўнай
Не мог уцяміць аднаго,
Што ёсць залікі пасля лекцый,
Ледзь што – правал,
Дрыжы, карпей.
Са мной і потым лёгка стрэцца,
А вось з прафесарам – цяжэй.
      ТАНЦЫ Ў ІНТЭРНАЦЕ
Я ля ўваходу правяраю прапускі.
Дзяжурны я –
Павінен тут стаяць.
Прыйшоў хлапец
з-за Свіслачы-ракі:
– Пусці, браток,
Пусці хвілін на пяць!..
– Без прапускоў
дзяўчат пускаем толькі, –
Яму ў адказ
Прамовіў хтосьці з нас...
А ў вестыбюлі плаўна з-пад іголкі
Ліецца лёгкі і празрысты вальс...
– Ты да каго ідзеш?
– Іду да дзеўчыны...
Не бойся, я цябе не падвяду.
Пусці, будзь другам, а?..
Сказаць мне нечага,
Гляджу ў падлогу, быццам у ваду.
Прыкмеціў:
Позірк у мой бок скірованы
І поўны смутку
Шчыры той пагляд.
Дзяўчына ў туфельках лакірованых
Нарэшце падыходзіць...
Мне назад
Прыйшлося адступіцца да парога.
А позірк дзеўчыны,
Здаецца, дакараў:
«Эх, пэўна, не кахаў яшчэ нікога!
Навошта чалавека затрымаў?..»
А хлопец заіскрыўся гэтым мігам,
Скубнуў я за рукаў яго крадком
І ціхенька яму прамовіў:
– Шмыгай!
Але глядзі, не ўбачыў каб студком!..
Чуваць, як чокаюць абцасы,
Нібы ходзікі,
І танга плаўнае кранае слых.
Прашу вас, хлопцы,
Не стаўляйце ля ўваходу больш –
«Чужых» на танцы прапушчу усіх.
      З’ЯЗДЖАЮЦЦА СТУДЭНТЫ
Стамлёна цягнікі па рэйках грукаюць,
Прыпынкі робяць часта там і тут,
Абкручваюцца дымнымі папругамі –
Студэнтаў зноў паклікаў інстытут.
Вагоны перапоўнены,
>      >      дарогай
Шукаюць месцаў.
Іх няма. Бяда!
Студэнту ж трэба месцейка нямнога,
Хоць трохі больш займае чамадан.
Што гэткі тоўсты ён –
Няма тут дзіва,
Такім ён быць, напэўна, не хацеў:
Перад ад’ездам маці пахадзіла
Каля яго –
І ўраз ён патаўсцеў.
Хоць лета мыла нас дажджамі-ліўнямі,
Ды гэта – нуль для ўсіх дзяўчат-гарэз:
І ў непагоду ўвішныя, шчаслівыя,
Яны паспелі ўсё-ткі загарэць.
Цяпер вязуць у інтэрнат усмешкі
І мазалі на бронзавых руках.
А у вачах стаяць світанні, сцежкі,
Па якіх любілі паблукаць.
А як блукалі летняю парою –
Сяброўкам скажуць, можа, толькі ўслых.
Адным-адна мо пела над ракою?
Не можа быць!
Канечне, удваіх!
Як птушкі з выраю,
Студэнты зноў імкнуцца
Да тых парогаў,
Дзе так шмат сяброў.
Аклікнеш аднаго –
Паўсотні адгукнуцца:
– Ну як жывеш?
– Здароў, браток, здароў!
– Калі прыехаў?
– Сёння.
– А я ўчора.
– Ды ты за лета здорава ўзмужнеў!..
Прыехалі студэнты – і, здаецца, горад
Ад іх прысутнасці памаладзеў.